У Кобрыні рэзервістаў судзілі за ўхіленне ад вайсковых збораў
5 жніўня ў судзе Кобрыньскага раёна быў абвешчаны прысуд рэзервісту Уладзіміру Бенчаку за ўхіленне ад яўкі на зборы, якія праводзіў у траўні Кобрыньскі ваенкамат.

Бенчак пакараны штрафам 80 базавых велічынь, што складае 2 560 рублёў. Хаця дзяржаўны абвінаваўца старшы памочнік пракурора Кобрыньскага раёна Аляксандр Шыкавецкі прапанаваў пакараць Бенчака для перавыхавання трохмесячным арыштам, гаворыць Шыкавецкі:
-Даход у сям’і атрымлівае толькі яго жонка, ёсць малалетняе дзіця. Таму прызначэнне маёмаснага пакарання пагоршыць і стан сям’і. Таму пакаранне магчымае ў выглядзе арышту.
Пакаранне, вынесенае суддзём Аляксеем Кмітам, выбраў сам сабе беспрацоўны Уладзімір Бенчак, які падаў медычную даведку, што пакутуе панічным засмучэннем:
-А навошта вы мне арышт прызначаеце? Я не згодны. Прызначце мне штраф. Я шкадую, што так атрымалася, але ж злоснага намеру не было.
Суддзя Аляксей Кміта задаволіў пажаданне падсуднага і вынес рашэнне аб пакаранні Бенчака штрафам 80 базавых.
Больш «пашчасціла» другому рэзервісту-кобрыньцу Вадзіму Казакевічу. Ён пакараны суддзём Аляксандрам Бабаскіным штрафам 50 базавых велічынь па аднайменным артыкуле яшчэ 27 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя