У Лепелі «папрацаваў» віцебскі ГУБАЗіК сумесна з супрацоўнікамі АМАП
Сілавікі наведаліся дадому, як мінімум, да шасці асобаў. У некаторых былі праведзеныя ператрусы, паведамляе viciebskspring.org. Частка людзей была дастаўленая ў мясцовы РАУС і з імі былі праведзеныя прафілактычныя гутаркі. Але, як пішуць сілавікі ў сваім ТГ-канале, дадому вярнуліся ў той дзень не ўсе, камусьці прыйшлося застацца ў Лепельскім ІЧУ, на іх завялі адміністрацыйныя справы.
Як стала вядома, быў на сутках, а пасля прыцягнулі да адказнасці і маладога чалавека з інваліднасцю. Яго аштрафаваў Лепельскі суд на 720 беларускіх рублёў быццам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яго маці на суд не пусцілі, сказалі, што суд будзе на наступны дзень, але суд адбыўся ў той жа дзень. Такая практыка ў судзе стала ўжо даволі частай. Так падманвалі родных і ў іншых раённых судах Віцебскай вобласці.
Паводле родных аштрафаванага, малады чалавек ні ў якіх акцыях не ўдзельнічаў, не посціў і не лайкаў навіны з так званых экстрэмісцкіх каналаў. А проста ў сваім сяброўскім асяродку выказваўся супраць вайны, якую развязала Расея ва Украіне і якую падтрымліваюць улады Беларусі.
