У Лунінцы асудзілі мясцовую жыхарку, якая нібыта паклёпнічала на Лукашэнку
У Лунінцы адбыўся суд над 43-гадовай жыхаркай раённага цэнтра Тамарай Каравай. Жанчыну абвінавацілі ў паклёпе на адрас Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 367 КК. Справу разглядала суддз Кацярына Клеўжыц. Вядома, што ў Тамары на ўтрыманні маецца непаўнагадовае дзіця.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Каравай у снежні 2022 года ў «Аднакласніках» размясціла паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, тым самым распаўсюдзіла загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць ягонае імя.
Суд пастанавіў пакараць яе пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вясна