У Магілёве памёр літаратар Віталь Еўмянькоў

Суполка беларускіх пісьменнікаў сёння паведаміла ў фэйсбуку:
„Сумная і нечаканая вестка прыйшла з Магілёва – памёр пісьменнік, перакладчык і літаратуразнаўца Віталь Еўмянькоў, яму было 46 гадоў.
Нарадзіўся 5 чэрвеня 1976 г. у Магілёве, скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова, аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю ў галіне філалогіі. Шмат гадоў працаваў выкладчыкам у alma mater.
Сферай ягоных навуковых інтарэсаў была славянская літаратура XVII-XIX стст., а таксама асоба і творчасць Адама Міцкевіча. Выйшлі з друку яго манаграфія, прысвечаная беларускай іпастасі паэта Адама Міцкевіча, і аповесць “Пялёсткі белай ружы”, у якой пераствораны сюжэт “Пана Тадэвуша”.
У чэрвені 2021 года Віталь Еўмянькоў быў звольнены з універсітэта рашэннем спецыяльнай атэстацыйнай камісіі.
Выказваем шчырыя спачуванні сябрам і сваякам спачылага”.