У Малі пры крушэнні самалёта загінулі найміты «Вагнера»



Самалёт расейскай вытворчасці Іл-76 разбіўся раніцай у суботу, 23 верасня, пры заходзе на пасадку ў аэрапорце Гао, ён выкаціўся за ўзлётна-пасадачную паласу, паведамілі ў місіі ААН у Малі. Па словах прадстаўніка аэрапорта, самалёт быў перагружаны. Самалёт выкарыстоўваўся малійскай арміяй і наймітамі ПВК «Вагнер», паведамляе Нямецкая хваля.

Прычыны авіякатастрофы высвятляюцца. Паводле звестак дыпламатычных крыніц, на борце самалёта знаходзіліся малійскія вайскоўцы і «вагнераўцы», колькасць пацярпелых і матэрыяльных стратаў вялікая. У Малі ўжо шмат гадоў доўжыцца паўстанне ісламскіх экстрэмістаў. Яно пачалося ў 2012 годзе на поўначы Малі, а потым распаўсюдзілася на тэрыторыю Нігера і Буркіна-Фасо.

У 2021 годзе ў Малі ў выніку дзяржаўнага перавароту да ўлады прыйшла ваенная хунта. Яна неадкладна запатрабавала вываду з краіны міратворцаў ААН. Хунта актыўна супрацоўнічае з Расеяй і байцамі ПВК «Вагнер». Францыя і Нямеччына заяўляюць пра тое, што «вагнераўцы» перашкаджаюць працы місіі ААН.

Беларускае Радыё Рацыя

Array