Новыя затрыманні падлеткаў – прыхільнікаў субкультуры „ПВК „Родан” (абноўлена)
Стала вядома пра новыя затрыманні падлеткаў – прыхільнікаў субкультуры „ПВК „Родан” у Магілёве, Гародні і Слоніме. З некаторымі падлеткамі ў міліцыі запісвалі „пакаяльнае відэа” з прызнаннямі ва ўдзеле ў „несанкцыянаваным мерапрыемстве” і падпісцы на „экстрэмальныя” Telegram-каналы. Аб затрыманні „шэрагу навучэнцаў школ і каледжаў” у Гародні і Слоніме паведамляе міліцыя Гарадзенскай вобласці.
Субкультура “ПВК Родан” зарадзілася ў Расеі, цяпер прыйшла ва Украіну і Беларусь. Аснова прыхільнікаў руху – аматары японскага анімэ. Абавязковыя атрыбуты – чорныя валасы, байкі з выявай павука і клятчастыя нагавіцы. Сваімі галоўнымі праціўнікамі роданаўцы называюць “офнікаў” – нейкіх агрэсіўных маладых людзей. Прыхільнікі “Родана” часцей за ўсё збіраюцца на фудкортах вялікіх гандлёвых цэнтраў, дзе адбываюцца канфлікты з іншымі субкультурамі.
* * *
У Менску 1-га сакавіка ў сувязі з анансаванымі сустрэчамі субкультуры «ПВК Родан» было затрымана каля 80 чалавек, толькі 15 з іх паўналетнія.
-

Ілюстрацыйнае фота strana.news
МУС лічыць, што яны каардынавалі моладзь. Адміністратары тэматычных чатаў таксама затрыманыя. Пра гэта расказаў кіраўнік МУС Іван Кубракоў, паведамляе БелТА. Па словах Кубракова, паўналетнія ўдзельнікі сустрэчы былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. «На жаль, гэта распаўсюджваецца вельмі хутка па ўсёй тэрыторыі Беларусі», — сказаў Кубракоў.
Кіраўнік МУС расказаў, што ў Беларусі рух распаўсюджваецца з 22 лютага, а да гэтага зʼявіўся ў Расеі і ва Украіне. На так званых незаконных масавых мерапрыемствах 28 лютага ў Гомелі былі затрыманыя 200 чалавек, 1 сакавіка ў Берасці — 52 чалавекі. Па гомельскай сустрэчы пачатая крымінальная справа.