У Менску мужчыну затрымалі за тату, якія заўважылі ў басейне
Сілавікі апублікавалі чарговае відэа з „прызнаннямі” затрыманага за „экстрэмізм”.

Гэтым разам падставай сталі тату. Мужчына плаваў у басейне і нібыта „дэманстраваў” гэтыя тату навакольным. На відэа сілавікоў мужчына кажа, што працуе інструктарам у аўташколе і з’яўляецца фанатам ФК „Дынама”. Паводле яго слоў, „у маладосці набіў татуіроўкі экстрэмісцкага зместу і дэманстраваў іх у грамадскім месцы — у басейне”. Што менавіта на выявах, незразумела — самі татуіроўкі на відэа размытыя. Мужчыну хутчэй за ўсё будуць судзіць — у кадры ён кажа пра тое, што „пасля адбыцця пакарання” абавязваецца звесці татуіроўкі і „прыйсці ў міліцыю паказаць”.