У Менску пачынаюць завочна судзіць абвінавачаных па справе «Чорнай кнігі Беларусі»
Сёння, 12 снежня, пачынаецца першы завочны суд. Гэта справа «Чорнай кнігі Беларусі». На віртуальнай лаве падсудных — пяць чалавек. Яніну Сазановіч, Дзмітрыя Навошу, Данііла Багдановіча, Валерыю Занямонскую і Вольгу Высоцкую выклікалі ў Менскі гарадскі суд 12 снежня. Іх абвінавачваюць у распальванні варожасці і незаконным зборы персанальных звестак.
Паводле версіі абвінавачвання, адміністратары ЧКБ размясцілі ў інтэрнэце асабістыя звесткі больш за 100 сілавікоў, суддзяў і супрацоўнікаў дзяржСМІ.
Справу разглядаюць у рамках «спецыяльнай вытворчасці». Гэта дазваляе праводзіць суды завочна, без удзелу абвінавачаных.
Наступны завочны суд пачнецца 19 снежня. Гэта будзе справа Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна, стваральнікаў Беларускага фонду спартовай салідарнасці.