У навукоўца Ігара Бортніка за кратамі значна пагоршыўся стан здароўя



Супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка Ігара Бортніка затрымалі 29 сакавіка. Пазней наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава двойчы асудзіла Ігара паводле адміністрацыйных пратаколаў. Першы раз яго прызналі вінаватым у „распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт. 19.11 КаАП) і асудзілі да 10 сутак арышту. Але пасля заканчэння тэрміну яго перазатрымалі за „несанкцыянаванае пікетаванне” і прызначылі яшчэ 13 сутак.

Але па заканчэнні „сутак” ён зноў не выйшаў — меркавана, у панядзелак адбудзецца суд па арт. 19.11 КаАП. Паведамляецца, што падчас адбыцця арышту ў яго забралі 300 раблёў у якасці кампенсацыі за данат на фэйсбуку.

У Ігара Бортніка некалькі месяцаў да арышту была доўгая і складаная рэабілітацыя пасля не вельмі ўдалай аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы. Цяпер яму баліць спіна, сядзець больш за паўгадзіны ён не можа, трэба ўставаць і рухацца.

Больш-менш прыстойны стан удавалася падтрымліваць з дапамогай моцных абязбольвальных, без якіх ён не можа паўнавартасна спаць. Між тым там у яго доступу да іх няма, а перадач для Бортніка не прымаюць ніякіх, нават гігіенічных. Ён ужо двое сутак не можа заснуць. Акрамя таго, вядома, што за кратамі ў пачатку другога адміністрацыйнага тэрміну навуковец перанёс гіпертанічны крыз, бо мае праблемы і з ціскам.

Вядома таксама, што Ігара Бортніка, раней перавезенага ў Віцебск, цяпер зноў перавялі ў Наваполацкі ЦІП. Сёння яго мусілі адпусціць пасля заканчэння чарговага 13-сутачнага тэрміну (папярэдні быў 10-сутачны), але не адпусцілі. Цяпер ён чакае чарговага суда па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі).