Наталля Пінчук: Людзі ў Беларусі за права адстойваць сваю пазіцыю падвяргаюцца рэпрэсіям (абнаўляецца)



На жаль, сітуацыя ў Беларусі зараз такая, што людзі за права адстойваць сваю пазіцыю, падвяргаюцца рэпрэсіям, адзначае Наталля Пінчук.

«На жаль, сітуацыя ў Беларусі зараз такая, што людзі за права адстойваць сваю пазіцыю, адстойваць свае перакананні і прынцыпы, выказацца па тым ці іншым пытанні падвяргаюцца рэпрэсіям. Алесь як адзін з прыкладаў гэтага, і не адзінкавы, на жаль, прыклад», – сказала Наталля Пінчук. Яна разам з іншымі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру – старшынямі  ўкраінскага «Центра громадянських свобод» і расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал»  удзельнічае ў  прэсавай канферэнцыі ў Осла.   

Паводле слоў Наталлі Пінчук, вайна схаваная, нябачная для шмат каго. «Насельніцтва настолькі прыдушанае, настолькі задаўленае, што амаль што не мае свайго голасу, таму што актыўны, неактыўны, любы чалавек можа за любое слова патрапіць у вязніцу. Прычым выкарыстоўваюцца і формы здзеку, і катаванні, і шмат якія рэчы, пра якія тыя, каму пашчасціла выйсці з турмы, нават баяцца распавесці».

«Зараз, калі была дадзена гэтая прэмія Алесю, гэта не толькі Алесю, гэта, па-сутнасці, узнятае пытанне, якое звязана з Беларуссю, з той драмай, з той трагедыяй, з той ранай, якая да гэтага часу адкрытая. Таму мы павінны памятаць і ведаць пра гэту вайну – вайну супраць уласнага народа. У гэтым плане адказнасць павінны несці ўсе тыя, хто робіць гэта з людзьмі»,– адзначае жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук.

Зміцер Гурневіч і Яўген Вапа

Наступны пункт урачыстасцяў – Прэс-канферэнцыя ў Нарвежскім нобелеўскім інстытуце. Кожны з лаўрэатаў мае выступ на дзве хвіліны, пасля чаго будуць задавацца пытанні.

Наталля Пінчук: У Беларусі ідзе вайна супраць уласнага народа. Алесь быў затрыманы і арыштаваны звыш дваццаці разоў. У нас і пасля выхаду з турмы далей працягваецца тэрор у дачыненні да людзей. Мы ня ведаем, што чакае Алеся ў час суда. З Алесем апошнім часам няма ліставання са светам і таксама са мною. Але ён ведае пра міжнародную падтрымку.

Ян Рачынскі: Калі Пуцін парушае ўнутраны правапарадак, то гэта таксама пагроза і сусветнаму парадку і міру.

Аляксандра Матвійчук сказала наступнае: Трэба паклікаць Міжнародны трыбунал – каб асудзіць Пуціна і Лукашэнку. Прэмія міру дае пачуць свету пра варварства Расеі. Расея – прыклад таго, калі ў краіне парушаюцца правы чалавека, то пагарда людзьмі не толькі ў гэтай краіне, але і знявага ўсяму свету.

Беларускія журналісты Ігар Кулей і Зміцер Гурневіч

У Осла нобелеўскія дні пачаліся 9 снежня з галоўнага інтэрв’ю перад самой цырымоніяй, якая пройдзе 10 снежня.

Інтэрв’ю лаўрэатаў нобелеўскай прэміі міру у Гранд Гатэлі для Нобелеўскага цэнтра міра. Украіна – Цэнтр грамадзянскіх свабод – Аляксандра Матвійчук, Наталля Пінчук, Мемарыял – Ян Рачынскі.
Наталля Пінчук і Яўген Вапа

У Осла 9 снежня пачаліся мерапрыемствы і ўрачыстасці з нагоды ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. Беларускага лаўрэата Алеся Бяляцкага, які зараз у зняволенні, прадстаўляе жонка Наталля Пінчук. Суправаджальнай яе асобай ёсць Яўген Вапа, старшыня управы Беларускага Радыё Рацыя, галоўны рэдактар тыднёвіка „Ніва” ў Польшчы, шматгадовы і даўні сябра Алеся і Наталлі, сям’і Бяляцкіх.

Фота Беларускага Радыё Рацыя