У Паставах масавыя затрыманні і вобшукі



Ахвярамі сілавікоў сталі больш за 10 чалавек. Вобшукі адбыліся прынамсі ў 11 чалавек. Траіх затрымалі, а аднаго з іх сілавікі звезлі ў Менск. Нагодай для масавага пераследу жыхароў Паставаў мясцовыя называюць пратэсты 2020 года і крытыку кіраўніка раёна.

Пра ператрусы і затрыманні стала вядома познім вечарам 24 лістапада, але сілавікі пачалі ўрывацца да людзей у чацвер ад самага ранку. Вядомыя імёны траіх затрыманых — гэта Юры Дзіковіч, Уладзімір Лашчотка і Сяргей Ляўко, якога губазікаўцы забралі ў Менск.

Паводле крыніц “Нашай Нівы”, ператрусы адбыліся яшчэ ў васьмі чалавек. Адзначаецца, што з людзьмі сілавікі абыходзіліся жорстка. Ці на волі яны, невядома. Родзічы ўстрымліваюцца гаварыць пра гэта і просяць не называць іх імёны. “Вобшукі былі і ў тых, хто з’ехаў з Беларусі, і ў тых, хто застаўся. Дапускаю, што дамы ператрэслі ў большай колькасці людзей. Родзічы пра тое проста не паведамляюць, бо баяцца, што стане яшчэ горш”, — адзначае суразмоўца выдання.