У Пінску 12 траўня развітаюцца з палітвязнем Мікалаем Клімовічам
З палітвязнем Мікалаем Клімовічам, які памёр у нядзелю ў віцебскай калоніі №3, развітаюцца ў Пінску ў пятніцу, 12 траўня. Пахаваюць блогера і грамадскага актывіста, на гарадскіх могілках “Таргошыцы”.
Па словах грамадскай дзяячкі Веранікі Івановай, цела нябожчыка сваякам павінны прывезці сёння:
-Цела прывязуць у цынкавай труне. Развітанне адбудзецца ў яго дома, у завулку Пяшчаным. Пахаваны ён будзе на “Таргошыцах”. Грошы людскімі намаганнямі на ўсё гэта былі сабраныя. Папярэдні час пахавання – гэта а 14-й гадзіне. Цырымонія развітання – а 12-й гадзіне.
У лютым, за ўпадабанне ў сацыяльнай сетцы карыкатуры на кіраўніка краіны, Мікалай Клімовіч быў асуджаны да года зняволення. Да канца красавіка ён знаходзіўся ў баранавіцкім следчым ізалятары №6. Падчас судовага працэса і апеляцыі, ён даводзіў суддзям, пракурору, што мае інваліднасць ІІ групы з-за праблемаў з сэрцам, перанесены інсульт, яму патрэбны належны медыцынскі дагляд. Але гэта не ўлічылі.
Беларускае Радыё Рацыя
