У розных краінах свету імкліва распаўсюджваецца варыянт каронавіруса EG.5 Eris
У жніўні ён стаў дамінуючым у Індыі, Вялікабрытаніі і ЗША. На яго прыпадае да 80% вядомых сёння выпадкаў заражэнняў.

Газета The New York Times расказвае, наколькі ён небяспечны. Гэта новы варыянт каронавіруса, генетычныя змены ў якім дазваляюць яму абыходзіць імунную абарону людзей і пранікаць у клеткі лягчэй, чым усе папярэднія варыянты. Пра гэта паведаміла Сусветная арганізацыя здароўя. Менавіта таму новы варыянт імкліва захоплівае новыя тэрыторыі і, верагодна, стане дамінуючым у свеце ў найбліжэйшыя месяцы.
Паводле экспертаў, EG.5 не ўяўляе сабою вялікай пагрозы. Прынамсі, рызыкі ад яго не большыя, чым ад іншых варыянтаў, якія цяпер цыркулююць у свеце. Разам з тым трэба мець на ўвазе, што цяжкія выпадкі каронавіруса ў пажылых людзей і людзей з хранічнымі хваробамі могуць выклікаць ускладненні.