У Слоніме ўлады перашкаджаюць стварыць орган тэрытарыяльнага самакіравання



У Слоніме ёсць шмат актыўных і неабыякавых людзей, якія хочуць бачыць свой двор дагледжаным, прыгожым, зручным для жыцця і адпачынку, пад’езды – чыстымі і ўтульнымі. Нядаўна жыхары аднаго шматкватэрнага дома ў Слоніме, вырашылі самаарганізавацца і ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ” стварыць калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС). КОТГС- гэта група людзей, якія неабыякава адносяцца да жыцця свайго раёна, двара і ўсімі сіламі спрабуюць палепшыць дваровую тэрыторыю, гэта значыць, зрабіць яе больш камфортнай і прыгажэйшай.

Грамадскі актывіст са Слоніма Віктар Марчык сказаў: “Мы пачалі з таго, што стварылі ініцыятыўную групу і пачалі збіраць подпісы сярод жыхароў нашага дома ў падтрымку прапановы аб правядзенні мясцовага сходу ўпаўнаважаных. У адпаведнасці з заканадаўствам, мясцовыя ўлады павінны аказваць садзейнічанне ініцыятарам у падрыхтоўцы і правядзенні мясцовых сходаў. Таму мы звярнуліся ў Слонімскі райвыканкам, каб патлумачылі, як і што трэба зрабіць, каб стварыць і зарэгістраваць КОТГС. На жаль, мясцовыя ўлады не змаглі аказаць ніякай разумнай дапамогі і тлумачэння, як і што трэба зрабіць”.

Але пасля візіту ў Слонімскі райвыканкама ў ініцыятараў раптам узніклі першыя праблемы. Падчас збору подпісаў за вылучэнне ўпаўнаважаных, многія жыхары дома казалі, што іх выклікала кіраўніцтва на працы і папярэджвала, што, калі яны паставяць свае подпісы за стварэнне КОТГС, то будуць мець вялікія праблемы і справа можа дайсці да звальнення.

Тым не менш, нягледзячы на запалохванне, была сабрана неабходная колькасць подпісаў сярод гараджан, і ўсе неабходныя дакументы былі падрыхтаваны для правядзення мясцовага сходу ўпаўнаважаных. “Затым мы даслалі пісьмовы зварот у Слонімскі райвыканкам аб правядзенні сустрэчы давераных асоб, а таксама іншыя неабходныя дакументы. Райвыканкам павінен быў праверыць дакументы і даць нам адказ пра наяўнасць ці адсутнасць перашкод для правядзення сходу”, — адзначыў Віктар Марчык.

На днях слонімцы атрымалі адказ са Слонімскага райвыканкама, які выклікаў у гараджан непаразуменне. У ім паведамляецца, што такая дзейнасць парушае патрабаванні закона і можа нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, ставіць пад пагрозу правы і свабоды грамадзян, якія пражываюць у доме № 19 на праспекце Незалежнасці ў горадзе Слоніме і з’яўляецца перашкодай для правядзення пасяджэння мясцовага сходу ўпаўнаважаных.

Зыходзячы з напісанага, можна меркаваць, што выканаўцы гэтага адказу лічаць, што прынятыя дэпутатамі законы і падпісаныя кіраўніком дзяржавы, могуць нанесці шкоду і ўяўляць нейкую пагрозу дзяржаўнай сістэме?! Слонімцы не разумеюць, якую канкрэтна шкоду можа нанесці дзяржаўнай сістэме, дзейнасць па стварэнні КОТГС, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь?

“Мяркую, што адказ нам быў дадзены з парушэннем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”. З адказу не зразумела, што было зроблена няправільна і якія канкрэтна артыкулы Закона былі парушаныя. Таму я накіраваў просьбу ў акруговую камісію, каб даць мне пісьмовы абгрунтаваны адказ з падрабязным тлумачэннем, якія артыкулы і заявы заканадаўства былі парушаныя. А таксама прашу патлумачыць, якія законныя дзеянні, накіраваныя на стварэнне калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў Слоніме, парушаюць патрабаванні закона і могуць нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, а таксама жыхарам, якія жывуць у дом № 19 на праспекце Незалежнасці ў горадзе Слоніме”, — адзначыў Віктар Марчык.

Беларускае Радыё Рацыя