Ад 9 да 12 гадоў калоніі: праваабаронцам «Вясны» запрасілі тэрміны (абноўлена)



Пасля спрэчкі бакоў, пракурор запрасіў 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма для Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, 11 гадоў—для Валянціна Стэфановіча, 9 гадоў—для Уладзіміра Лабковіча. Змітру Салаўёву, якога судзяць завочна, запрасілі 10 гадоў.

“У нас не было ілюзій”, – кажа юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка:

-Мы разумелі і разумеем, што адбываецца расправа над праваабаронцамі, расправа над нашымі сябрамі і калегамі. І гэты працэс рухаецца да свайго апагею – да прысуду. Я ўжо заранёў магу сказаць, што прысуд, відавочна, не будзе здзіўляць нейкімі смелымі высновамі і рашэннямі.  Гэта хутчэй за ўсё будзе праштампаванае меркаванне боку абвінавачання, якое дазволіць пазбавіць волі нашых сяброў, калег на гэтыя вар’яцкія тэрміны.

Але Праваабарончы цэнтр “Вясна” працягвае сваю працу, адзначае яго прадстаўніца Наталля Сацункевіч:

-Мы бачым кожны дзень, што людзі сутыкаюцца з парушэннямі правоў і патрабуюць дапамогі. Першае – гэта вялікі кавалак працы дапамагаць людзям. І другое – гэта дапамагаць і падтрымліваць нашых калегаў. Зараз 6 праваабаронцаў “Вясны” знаходзяцца за кратамі. Падтрымліваць іх і намагацца іх як мага хутчэйшага вызвалення – гэта мой, наш прамы абавязак.

Прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтра “Вясна” судзяць у судзе Ленінскага раёна горада Менска. За кратамі яны – з 14 ліпеня 2021 года (акрамя Змітра Салаўёва, які пакінуў Беларусь).

* * *

Абвінавачанне запрасіла для праваабаронцаў „Вясны” пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрміны ад 9 да 12 гадоў. Аб гэтым паведамляюць іх калегі.

Пракурор Аляксандр Кароль запрасіў для кіраўніка праваабарончага цэнтра і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага 12 гадоў калоніі, для яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча – 11 гадоў, для Уладзіміра Лабковіча – 9 гадоў, а для Зміцера Салаўёва – 10 гадоў. Адбываць тэрмін яны павінны будуць ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама ўсім патрабуюць прызначыць штраф па 5 тысяч рублёў.

Яны абвінавачваюцца па ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і па ч. 2 арт. 342 (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

***

У судзе Ленінскага раёна Менску з 5 студзеня працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць старшыні «Вясны» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча і ў завочным парадку праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва.

На судзе даследвалі ўсе 284 тамы крымінальнай справы і дапыталі праваабаронцаў. Сёння, 9 лютага, адбудуцца спрэчкі бакоў — пракурор Аляксандр Кароль запросіць ім тэрміны. Судовыя спрэчкі прызначаныя на 10:30. Гэта будзе 19-е пасяджэнне па справе, інфармуе тг-канал Вясны.