У Свіслачы памёр паэт Анатоль Валюк



Сумная вестка прыйшла з Свіслачы. 10 ліпеня ў шпіталі пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр паэт і грамадскі актывіст Анатоль Валюк.

Анатоль Валюк нарадзіўся 1 студзеня 1961 года ў вёсцы Вішнеўка (Зэльвенскі раён). Пасля заканчэння Пасуціцкай сярэдняй школы, вучыўся ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы і на філалагічным факультэце Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пасля службы ў войску, вярнуўся на радзіму і працаваў на Ваўкавыскім заводзе ліцейнага абсталявання, у МПМК-66

Большая частка яго жыцця прайшла ў Свіслачы, дзе ён працаваў журналістам, настаўнікам, на розных іншых працах. Быў дэпутам раённага савету, сябрам многіх беларускіх грамадскіх арганізацый. Выдаў два зборнікі вершаў. Апошні – „Музыка вятроў” быў укладзены ў 2008 годзе.

Анатоль Валюк быў адным з ініцыятараў ўшанавання памяці братоў Каліноўскіх у Свіслачы і Якушоўцы, неаднаразова пераследаваўся ўладамі за сваю грамадскую дзейнасць, звальняўся з працы. Быў таленавітым паэтам з сваім адметным стылем вершаскладання, быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Анатоль Валюк будзе пахаваны на сваёй малой радзіме.

Светлая памяць Паэту і Адраджэнцу!

Беларускае Радыё Рацыя