У Воршы мужчыну арыштавалі за няправільную любоў да Радзімы
Аршанскі суд прызначыў 15 сутак жыхару пасёлка Барань за… няправільную любоў да Радзімы, піша сайт orsha.eu.

У нядзелю, 6 жніўня, мужчына адпачываў у адкрытай кавярні ў цэнтры Воршы, каля Езуіцкага калегіюма. На развітанне ён выгукнуў патрыятычны лозунг „Жыве Беларусь!”. На наступны дзень, а 11-й гадзіне, яго затрымалі. Яшчэ праз дзень прыезлі на суд.
Суд вырашыў, што мужчына выказваў пратэст супраць улады. Сам жа затрыманы з гэтым не пагадзіўся. Ён заявіў, што выгукнуў лозунг, бо любіць Беларусь, а іншых лозунгаў няма.
Гэтае тлумачэнне суд прызнаў „непраўдзівым, бо дадзеныя абставіны не адпавядаюць рэчаіснасці”. Якім спосабам суд вызначыў „непраўдзівасць” любові да радзімы, у пастанове не тлумачыцца.