Уладальнік крамы нацыянальнай сімволікі «Росквіт» з’ехаў з Беларусі



Гаспадар крамы нацыянальнай сімволікі «Росквіт» з Баранавічаў Юрый Казакевіч з’ехаў з Беларусі, цяпер ён знаходзіцца ў бяспецы.

„На працягу апошніх двух гадоў мяне пераследавалі ня толькі таму, што я пратэставаў. Было стабільнае адчуванне, што ціск звязаны менавіта з работай крамы», — расказаў Казакевіч.

Паводле яго словаў, пачаліся праверкі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, аддзела аператыўна-вышуковай работы падатковай інспекцыі, пагрозы завядзеньня крымінальных справаў. Адной з падставаў стала тое, што «Росквіт» працягваў працаваць тыя некалькі дзён, пакуль гаспадар знаходзіўся за кратамі. Увосень дома і ў краме Казакевіча адбыліся ператрусы. Першапачаткова паведамлялася, што заведзена крымінальная справа, але пасля стала вядома пра адміністрацыйную.