Улады Бабруйска могуць забраць касцёл у мясцовых каталікоў
Пасля нядзельнай службы 15 студзеня пробашч паведаміў, што з 1 лютага парафія будзе арандаваць памяшканне бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў горада для правядзення набажэнстваў, піша belsat.

Паводле ксяндза, тэрмін арэнды — паўгода, але кошт пакуль невядомы. За гэты час улады будуць вырашаць, што рабіць з касцёлам далей і ці перадаваць яго парафіі.
Пробашч таксама паведаміў, што цяпер парафія абавязаная вызваліць усе памяшканні, якія не выкарыстоўваюцца для набажэнстваў. Вялася нават гаворка пра тое, што трэба разабраць арганы. Бабруйскі касцёл быў пабудаваны ў 1912 годзе ў стылі неаготыкі. У 1968 камуністычныя ўлады разбурылі вежу і ўсутыч да касцельнага фасаду прыбудавалі пяціпавярховы жылы дом. Мясцовыя каталікі даўно патрабуюць знесці пяціпавярховы будынак. У 2017 годзе вернікі сабралі 500 подпісаў пад зваротам да мясцовай улады з просьбай вярнуць будынак парафіі і дазволіць яго поўную адбудову, але выніку гэта не прынесла.
Сітуацыя ў Бабруйску нагадвае сітуацыю вакол Чырвонага касцёла ў Менску.
Беларускае Радыё Рацыя