Улады Беларусі падалі пазоў аб ліквідацыі асацыяцыі цыган «Рома»
Раней улады Беларусі ўжо ліквідавалі аб’яднання літоўцаў «Гімціне». Менскі абласны суд 23 жніўня разгледзіць справу аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя цыган «Рома». Пазоў падало Міністэрства юстыцыі, пасяджэнне з’явілася ў раскладзе суда.

Грамадскае аб’яднанне Беларуская асацыяцыя цыган «Рома» зарэгістравалі ў Беларусі ў 1998 годзе. Паводле афіцыйных звестак у Беларусі цяпер пражывае каля 7 тысяч цыган – 0,1% ад насельніцтва. Але віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі цыган «Рома» Уладзімір Мацвееў у інтэрв’ю DW у 2014 годзе называў лічбу 60 тысяч цыган, трэць з іх – у Гомельскай вобласці.