Улады Беларусі працягваюць здзеквацца з інвалідаў



Інвалід 2 групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандр Краўчук, чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй, працягвае ўпарта абараняць свае парушаныя правы і інтарэсы.

Аляксандр Краўчук

Ён звярнуўся ў пракуратуру Кобрынскага раёна са скаргай на несправядлівае рашэнне суда Кобрынскага раёна. Паколькі лічыць маральную кампенсацыю на 4 000 даляраў мізэрнай, калі цана якаснага пратэза 50 000 еўра, калі перанесена мноства аперацый, страчаны бізнес, якім ён больш не змог займацца пасля трагедыі не па сваёй віне. Але з інваліда за заяву запатрабавалі больш 300 рублёў, кажа Аляксандр Краўчук:

– На сённяшні дзень у мяне няма такіх грошай, я і мая сям’я знаходзімся можна сказаць у бедным становішчы. Я атрымліваю 530 рублёў пенсіі, і з іх у мяне палову вылічваюць падаткамі за тую нерухомасць, якую я набыў да інваліднасці, і якую я на сёння не магу ні ўтрымліваць, ні прадаць, ні аплачваць за яе падаткі. Калі я атрымаў дапамогу за маральную шкоду, дык фактычна палова гэтай дапамогі была забраная на выплату падаткаў і штрафаў.

А ў Краўчука сын студэнт і непаўнагадовая дачка на ўтрыманні. У 2016 годзе новая машына паспяховага прадпрымальніка Аляксандра Краўчука ўзарвалася на запраўцы. Пацярпела амаль уся сям´я. Сам Краўчук застаўся без нагі. Але справу следчыя органы паспрабавалі, так бы мовіць, «замяць». І толькі ў 21-м годзе яна дайшла да суда.

Беларускае Радыё Рацыя