Улады нанеслі чарговы ўдар па шэрагу тэлеграм-каналаў
Тэлеграм-каналы „Браслаў для жыцця” і „Паставы для жыцця” прызнаныя экстрэмісцкімі. Акрамя гэтага, інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала „Навагрудак для жыцця (чат)” прызнана экстрэмісцкай.
Рашэнне па першых двух прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска па матэрыялах Віцебскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданова.
«У гэтых супольнасцях удзельнікі неаднаразова заклікалі да несанкцыянаваных мітынгаў і масавых беспарадкаў, хуліганства, вандалізму, блакаванні руху аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, супраціву міліцыянтам, захопу ўлады, а таксама да распальвання сацыяльнай варожасці паміж грамадзянамі нашай краіны і прадстаўнікамі дзяржорганаў», – гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамілі ў Генпракуратуры, пракуратура Наваградскага раёна прааналізавала размешчаныя ў тэлеграм-чаце «Наваградак для жыцця» інфармацыйныя паведамленні. Устаноўлена, што ў іх размешчаны заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. МУС нагадвае, што распаўсюд інфармацыі з экстрэмісцкіх крыніц цягне адміністрацыйную адказнасць – штраф і нават арышт.
Беларускае Радыё Рацыя

