Улады Піншчыны заклікаюць з’ехаўшых праз рэпрэсіі беларусаў вяртацца



Стала вядома, што на Піншчыне сваякам некалькіх грамадзянак, якія з’ехалі за мяжу пасля распачатых у краіне рэпрэсій, прапанавалі перадаць, каб іх блізкія вярталіся праз зварот у адмысловую камісію. У сітуацыі цікавае тое, што жанчын не прыцягвалі ні да адміністрацыйнай ні да крымінальнай адказнасці па “палітычных артыкулах”.

Пінск, ілюстрацыйнае фота

Грамадская дзяячка Вераніка Іванова адзначае, што гэтыя канкрэтныя пінчанкі наўпрост выехалі ў пошуках лепшай долі:

– Калі тут пачаўся гвалт, зразумелі, што тут перспектывы няма, яны з’ехалі, і пачалі будаваць сваё жыццё там. Да іх сваякоў прыходзілі з гутаркамі, што „вы не хвалюйцеся, вярнуцца – абсалютна бяспечна. Вы ім проста скажыце, каб яны звярталіся ў камісію.” Маё асабіста меркаванне – так як вала зваротаў не з’явілася – , сталі чапляцца не толькі за тых, каго яны падазраюць у здзяйсненні нейкіх злачынстваў, а ў прынцыпе да ўсіх, у каго зразумелая тэндэнцыя, што ён не жадае тут жыць, і будуе сваё жыццё за мяжой.

Суразмоўца мяркуе, што так званай “камісіі па вяртанню”, якую ўтварылі ў лютым бягучага году, бракуе зваротаў. Таму прапановы паступаюць у тым ліку і тым, хто не з’яжджаў у “палітычную эміграцыю”, а спрабуе ўладкаваць новае жыццё у замежжы.

Беларускае Радыё Рацыя, эксперт