Уладзімір Лапцэвіч: У зняволенні знаходзяцца 33 супрацоўнікі незалежных беларускіх СМІ
На Беларускім Радыё Рацыя сёння падводзім вынікі 2022 года. У нашай студыі чарговы госць – сябра юрыдычнай службы БАЖ, незалежны журналіст Уладзімір Лапцэвіч.
РР: Наколькі зараз удаецца заставацца ў беларусім кантэксце, знаходзячыся ў вымушанай міграцыі? Як вы ацэньваеце стан беларускай незалежнай журналістыкі на канец 2022 года?
Уладзімір Лапцэвіч: 2022 год для беларускай журналістыкі быў самым цяжкім. Зараз у зняволенні знаходзяцца 33 супрацоўнікі беларускіх СМІ. Такой кольксці зняволеных журналістаў яшчэ не было. Беларусь сёлета ўвайшла ў пяцёрку краін свету, дзе найбольшая колькасць зняволеных журналістаў. Нас “абганяюць” Кітай, Іран, М’янма, Турцыя. 43 затрыманні было з пачатку года. Такая сумная статыстыка. І журналістам прысуджаны такія тэрміны, якія можна параўнаць са сталінскімі гадамі. Сяргей Сацук – 8 гадоў зняволення. Дзяніс Івашын – 13 гадоў. Гэтыя прысуды ўражваюць! За што чалавек атрымаў такі дзікунскі прысуд? Ігар Лосік – 15 гадоў. Андрэй Аляксандраў – 14 гадоў. Серыйным забойцам іншым разам даюць менш, чым нашым журналістам. Таму з вельмі сумным настроем мы падыходзім да канца года, асэнсоўваючы яго вынікі. І чаканні ад 2023 года вельмі песімістычныя.
РР: Ці можна сказаць, што незалежныя СМІ рэлакаваўшыся, усё ж такі адаптаваліся да новых умоваў і выжылі?
Уладзімір Лапцэвіч: Я думаю, што дакладна так сказаць нельга. Бо працэс ідзе. І ён яшчэ не скончыўся. І беларускія СМІ зараз самі на сябе не зарабляюць. І гэта вельмі дрэнна. Беларуская тэма сыходзіць з сусветнай павесткі дня. І калі Беларусь будзе не цікавай, то і донарм беларускія СМІ будуць нецікавыя. І што далей?
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя

