Уладзіміра Мацкевіча размеркавалі ў атрад „актывістаў”
Філосаф, метадолаг палітвязень Уладзімір Мацкевіч, які адбывае тэрмін зняволення ў Шклоўскай калоніі №17, знаходзіцца пад кругласуткавым кантролем адміністрацыі.

Для таго, каб ведаць, што Мацкевіч робіць кожную хвіліну, яго размеркавалі ў атрад №15, пра гэта стала вядома з пэўных крыніц:
– Гэта атрад „казлоў”. „Казлы” – гэта вараўскія паняцці, а адміністрацыя называе іх „актывісты”. У гэтым атрадзе каля 60-70-ці чалавек, з іх каля 50-ці „казлоў”. Гэта людзі, якія працуюць у жылой зоне. Загадчык лазні, загадчык бібліятэкі, загадчык царквы, „актывісты”, хтосьці там працуе ў штабе – гэта асуджаныя супрацоўнікі міліцыі толькі без пагон.
65-гадовы палітвязень Уладзімір Мацкевіч быў затрыманы 4 жніўня 2021 і асуджаны да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім і абраза прэзідэнта Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя