Па «пратэстным» артыкуле ўпершыню прысудзілі грамадскія працы



Упершыню пасля выбараў пратэстоўцу пакаралі грамадскімі работамі. Такі прысуд абвясцілі ў Віцебску ў ліпені, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Фота: minsknews.by

Як даведаліся праваабаронцы, суд Віцебскага раёну разгледзеў справу мужчыны, які каля возера ў Віцебскім раёне без дазволу райвыканкама выкрыкнуў лозунг «Слава Украіне!». Мясцовыя ўчастковыя склалі на яго пратакол па арт. («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). У выніку суд пастанавіў пакараць мужчыну грамадскімі работамі тэрмінам на 50 гадзін.

Агулам за ліпень, паводле звестак праваабаронцаў, было зафіксавана мінімум 122 затрыманні па адміністрацыйных справах. Суддзі прызначылі больш за 26 штрафаў і 61 арышт. Акрамя гэтага, суды канфіскавалі мінімум 33 тэлефоны і адзін кампутар.