Ужо месяц Мікалай Клімовіч знаходзіцца ў СІЗА
Мінуў месяц, як грамадскі актывіст, блогер з Пінску Мікалай Клімовіч знаходзіцца ў баранавіцкім следчым ізалятары №6. Напрыканцы лютага яго пакаралі годам зняволення за абразу кіраўніка краіны ў сацыяльнай сетцы.

Па словах грамадскай дзяячкі Веранікі Івановай, вязень падаў скаргу на рашэнне суда Пінска і пакуль яе не разгледзяць, то ён будзе ў Баранавічах:
– Вестак пакуль ніякіх няма, ёсць толькі яго размовы з адвакатам і на гэтым кропка. Справа ў тым, што разгляду яшчэ не было і ў такія кароткія тэрміны яго быць не можа. У лепшым выпадку разгляд будзе праз месяц, а то і праз тры. На практыцы, як гэта адбываецца, я магу са 100% упэўненасцю сказаць, што прысуд пакінуць у сіле.
Мікалай Клімовіч пачаў прымаць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны з часоў незалежнасці. Друкаваўся ў рэгіянальнай незалежнай прэсе, рабіў фота-відэа матэрыялы, рэпартажы для розных рэдакцый, а ў апошнія гады спрабаваў сябе ў якасці блогера.
Беларускае Радыё Рацыя