Вадзім Мажэйка: Знос „Новага жыцця” – спроба падпарадкаваць хрысціян
У Менску 20-га чэрвеня пачалі руйнаваць будынак пратэстанцкай царквы „Новае жыццё”.

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка называе гэты факт дзікунствам:
– Знос храма выглядае гэтак жа дзіка, як і ранейшыя здзекі з могілак вайскоўцаў Арміі Краёвай. Канешне гэта таксама працягвае тэндэнцыю агульнага ціску на цэрквы, на іх незалежнасць. Мы бачым такі ціск і на Праваслаўную царкву, якую фактычна зараз збольшага падначалілі дзяржаве. На каталікоў, закрыты Чырвоны касцёл. Таксама на пратэстантаў, паколькі яны не маюць цэнтралізаванай арганізацыі, то дзяржава іх даціскае індывідуальна.
Па яго словах, сітуацыю ў Беларусі можна параўнаць з іншымі гістарычнымі фактамі:
– Тое, як іх у старажытным Рыме цкавалі ільвамі на арэне, потым хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй фактычна. Хрысціянскія храмы ў Савецкім Саюзе ўзрывалі, а потым адбудоўвалі. Тое самае тут, таму па шчырасці я не думаю, што такім чынам магчыма запыніць тое, што так пужае дзяржаву. Нізавое гуртаванне людзей, у прыватнасці вакол рэлігійных суполак, можна зрабіць падпольнымі.
Эксперт лічыць, што знос храмаў не зломіць прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі.
Беларускае радыё Рацыя