Вадзім Саранчукоў: Кантакты са спадаром Рыгорам вельмі абмежаваныя



Рыгор Кастусёў, кіраўнік Партыі БНФ, які асуджаны ў Беларусі суддзёй Уладзімірам Арэшка да 10 год зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, ужо два гады знаходзіцца за кратамі.

Рыгор Кастусёў

Пра кантакты з ім распавядае выконваючы абавязкі старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– Ніякіх наўпроставых кантактаў няма. А лісты, якія дасылаюць яму паплечнікі ў вялікай колькасці, як мы разумеем, не даходзяць. Таму любое атрыманне інфармацыі з таго боку ці наадварот да яго вельмі абмежаванае. Абсалютна не змянілася ні наша стаўленне, ні ацэнкі, якія далі праваабаронцы і мы самі. Тая справа, па якой Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў турме, – выдуманая, яна не ляжыць у прававым полі.

Па словах Вадзіма Саранчукова, прастаўнікі Партыі БНФ нават не могуць дакладна сказаць пра стан здароўя спадара Кастусёва:

– У нас атрымліваецца перадаваць лекі. Аб’ектыўнай інфармацыі пра яго стан здароўя няма, таму сказаць, у якім стане ён знаходзіцца зараз вельмі складана. Я думаю, што гэты стан вельмі цяжкі, але, на жаль, пацверджанага медычнага дыягназу мы агучыць на сёння не можам.

Рыгор Кастусёў на дадзены момант знаходзіцца ў паапраўчай калоніі №22 у Іівацэвічах, якая вядомая пад назвай “Воўчыя норы” і славіцца жорсткім стаўленнем да зняволеных палітвязняў. На дадзены момант у ПК-22 знаходзіцца блізу паўсотні палітвязняў, у тым ліку паплечнікі Рыгора Кастусёва па Партыі БНФ Уладзімір Мадахоўскі і Павел Юхневіч.

Адрас для лістоў: Рыгор Кастусёў  ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

Беларускае Радыё Рацыя