Вадзім Саранчукоў: Смерць Вітольда нікому не даруем



13 кастрычніка актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку споўнілася б 52 гады.

Вітольд быў сябрам Партыі БНФ, каардынатарам руху «За свабоду». У жніўні 2020-га супраць яго распачалі крымінальную справу, па якой суддзя Максім Філатаў прысудзіў Вітольду 5 гадоў калоніі. 21 траўня 2021 года Вітольд памёр у шклоўскай калоніі.

З яго калегам па партыі Вадзімам Саранчуковым гутарыў наш карэспандэнт Сяргей Апановіч.

Вадзім Саранчукоў

РРКім для вас быў Вітольд Ашурак – сябрам, калегам, кім яшчэ?

Вадзім Саранчукоў: Канешне, перш за ўсё сябрам. Ёсць такія людзі, у якіх „маторчык” у адным месцы. Вітольд акурат быў такі, яму да ўсяго была справа, яму ўсё было цікава, ён быў абсалютна апантаны, зараджаны на дзень. Гэта вельмі натхняла ўсіх, хто быў побач з ім. Для мяне блізка тое, што ён рабіў, таму я абсалютна спакойна магу лічыць яго сябрам.

РР: Вось вы пасля былі і на судзе з Вітольдам, пазней – на пахаванні. Якія былі адчуванні? Як вы на гэта ўжо цяпер глядзіце праз пэўны перыяд часу?

Вадзім Саранчукоў: Гэта была такая суцэльная несправядлівасць, абсалютна неправавы суд, абсалютна неправавы прысуд. Ну, і тое, што адбылося з ім у турме, тое забойства, – таксама тое, што трапляе пад азначэнне несправядлівасці, бо людзі з такімі прынцыпамі, мэтамі, ідэаламі, безумоўна, павінны жыць і жыць на свабодзе.

РР: Як цяпер яго сябры, калегі, што адбываецца з магілай Вітольда, ці ёсць там кветкі? Ці, можа, праваахоўныя органы сочаць за тым, што адбываецца каля магілы. Я ведаю, што шмат людзей, якія засталіся ў Беларусі, за гэтым месцам, пахаваннем як сочаць?

Вадзім Саранчукоў: Пахаванне даглядаецца, але сітуацыя ў Бярозаўцы не вельмі адрозніваецца ад той, якая ўвогуле ў Беларусі. А тыя рэпрэсіі, якія пачаліся адразу пасля 2020 года, у 2020,  яны не суцяшаюцца. Кожны дзень усплываюць такія фантастычныя тэорыі змоваў, нападаў, агрэсіяў, пагроз. Сітуацыя ў бярозаўцы абсалютна такая ж самая, няма адчування, што сітуацыя ўлагоджваецца, няма адчування, што рэпрэсіі ідуць на нейкі спад.

І пры ўсім пры гэтым людзі, якія ў Беларусі, даглядаюць знакавыя месцы для кожнага беларуса. Гэта не толькі магіла Вітольда, а шмат розных іншых месцаў, якія нягледзячы на ўсё, застаюцца ў памяці народа.

РР: Ці збіраліся вы неяк з сябрамі, можа, з братам Вітольда бачыліся, калі з’ехалі ўжо за мяжу?

Вадзім Саранчукоў: Так, у нас было ўжо некалькі сустрэчаў у Беластоку ды ў іншых месцах. Цяжкія, канешне, уражанні. Я цудоўна разумею, што большасць размоваў немінуча прыходзіць да тых страшных падзеяў, якія адбыліся ў Беларусі і таго забойства.

Так, мы памятаем, і няма нават блізка адчування, што можа быць нейкае дараванне таму, што адбылося.

Сябры і калегі Вітольда стварылі адмысловую старонку ў фейсбуку на якой просяць зрабіць наступнае:

– напішыце Вітольду сімвалічны ліст. Мы ўжо прапаноўвалі гэта рабіць у мінулым годзе;

– запішыце відэавіншаванне ці зрабіце фота з партрэтам, калі лічыце гэта бяспечным.

Да старонкі з удзелам у дадзенай акцыі далучыліся некалькі соцень беларусаў з розных краін.

Беларускае Радыё Рацыя