Валянцін Дубатоўка: Большасць беларускага грамадства душой і сэрцам за Украіну



У медыях і сацыяльных сетках некаторыя беларускія дзеячы, шараговыя карыстальнікі бяруць на сябе пачуццё віны за маскоўска-украінскую вайну. Справа даходзіць да гвалту, булінгу і нават забойстваў беларускіх уцекачоў эмігрантамі-украінцамі ў Францыі. Беларуская нацыя не мусіць сябе пачуваць вінаватай у тым, што робяць улады, кажа пісьменнік Валянцін Дубатоўка.

Валянцін Дубатоўка: Справа ў тым, што мне не падабаецца, што зараз паднялося ў нашым грамадстве, сярод пісьменнікаў, беларускіх і украінскіх, і наогул сярод людзей, тое, што нам сорамна, што нас апаноўвае пагарда за тое, што беларусы ўдзельнічаюць у гэтай вайне. Я гэтага не разумею. Мне не можа быць сорамна. За каго мне павінна быць сорамна? За Міхася Жызнеўскага, які згубіў жыццё, абараняючы Майдан? За тых нашых валанцёраў, якія вазілі на ўсход Украіны медыкаменты? Усё вазілі, што патрэбна было для абароны ад агрэсара. За іх мне павінна быць сорамна? Альбо за нашых герояў, якія сядзяць у турмах, па двадцатцы паадтрымлівалі? Гэта я зразумець не магу.

Калі мы ставім так пытанне, то гэта можа быць сорамна тым, хто за мяжой, збегшы да жніўня 20-га года, пагаворвае, што мы павінны з голымі рукамі ісці на кулямёты. Нешта я гэтага не разумею. Альбо тых украінцаў, якія гавораць, што беларусы спрыяюць таму, што адбываюцца такія падзеі. Гэтага, браты, я зразумець не магу.

Украіна для мяне вельмі глыбокая рэч. Украінцы не толькі мае суседзі, не толькі мае калегі-пісьменнікі, я там службу праходзіў, я памятаю як сёння, калі зламалася мая машына ў Нікалаеўскай вобласці, я там служыў, і мне жанчына ў халодную машыну прынесла шкарпэткі, якія сама звязала, я насіў іх вельмі доўга. Для мяне гэта іншая рэч. У мяне швагерка ўкраінка.

Я гэта зразумець не магу, чаму зараз нашых людзей, пераследуюць на Захадзе, дзе яны там працуюць. І ўкраінцы забіваць. Хлопцы, што вы робіце? Тут мы далёка можам зайсці. Ці мы павінны таксама спытацца ў вас, ці вам сорамна з «беркутацаў», якія тут нас рэзалі ў жніўні месяцы. Я гэтага не разумею. На Захад з’ехалі толькі тыя, хто змагаўся з дыктатурай. Тыя, каму было добра, хто ваяваў з намі ў тыя часы, яны жывуць спакойна і добрыя грошы зарабляюць. Ніхто з іх сюды не ўцякаў. А там з’ехалі хлопцы, якія былі за волю, за свабоду, якія ездзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі па Еўропе. Яны тыя людзі, на якіх можна аперціся вам, украінцам. Гэта нашыя браты.

РР: Беларускі народ стаўся, можна сказаць, закладнікам.

Валянцін Дубатоўка: Так, закладнікам. Закладнікамі, можа быць, але не здрайцамі. Тыя, што білі нас, тыя самыя «беркутаўцы», можа і вярнуліся на Украіну. Ну, канешне, там і нашых хапае, канешне, так. Але большасць беларускага грамадства душой і сэрцам падтрымлівае нашых братоў-украінцаў. І за іх будуць стаяць да апошняга.

Цалкам размова:

Беларускія пісьменнікі, прадстаўнікі іншых творчых і навуковы суполак ад самагна пачатку вайны скіравалі звароты да Украінскага народу, дзе выказалі салідарнасць у змаганні за незалежную і цэльную дзяржаву ды асудзілі дзеянні агрэсара, адвечнага ворага народаў – Расею.

Беларускае Радыё Рацыя