Валянцін Варычаў: Карпянкоў загадаў, каб мне сцягнулі штаны
2020 год для беларусаў стаў тым рубіконам, пасля якога ўжо нельга проста змірыцца, забыцца і дараваць. Людзі рыхтуюцца і чакаюць свайго часу, каб здзейсніць свае мары аб свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Словы „не забудзем, не даруем” сталі сімвалам для збітых, скалечаных і знявечаных бандытамі ў пагонах.

„Госць Рацыі” 27-гадовы ўдзельнік пратэстаў Валянцін Варычаў:
РР: Чаму Вы былі невыязным і калі ім сталі?
– Я стаў невыязным з сакавіка 2021 года з-за таго, што я не аплачваў штрафы. Я праходзіў па некаторых справах, як сведка спачатку, а пасля ўжо спрабавалі зрабіць не сведкам, а абвінавачаным, як саўдзельнікам. Пакуль не знялі блакаду выезду, я немог выехаць.
РР: За што вас пераследавалі?
– Пайшоў супраць рэжыму Лукашэнкі, супраць міліцыі, супраць таго, што адбывалася ў Беларусі не толькі ў 2020 годзе, але і да 2020 года. Мне не падабаўся ўрад, які сядзеў каля „кармушкі”.
РР: Вы ўдзельнічалі ў акцыях пасля выбараў у 2020 годзе?
– Так, я ўдзельнічаў. 9-га чысла пайшоў на Стэлу ў Менску. З таго моманту я выходзіў. Я працаваў, пасля працы выходзіў на „барыкады” скажам так, на маршы.
РР: Вас затрымлівалі?
– 9-га чысла мяне а 3-й гадзіне начы затрымалі і збілі.

РР: Дзе Вы былі?
– Каля „Нямігі”. Там пайшоў жорсткі супраціў, калі міліцыя пайшла супраць народу. Гэтага ніхто не чакаў. Мяне затрымалі, збілі, змясцілі ў аўтазак. Прыехала хуткая дапамога, трэба было аднаго хлопца выцягнуць да хуткай дапамогі. Лекар паказаў на мяне, пасля шапнуў: „Калі выйдзеш з аўтазака, то бяжы куды хочаш”. Я так і зрабіў, нават не глядзеў, а проста бег. Праз дзве гадзіны зноў трапіў у гэты ж аўтазак і пабачыў тых жа, хто мяне збіваў. Мне пашчасціла, мяне адпусцілі. На Акрэсціна ўжо не было месцаў нават на вуліцы. Сказалі ўсіх адпусціць. Пазней мяне затрымлівалі многа разоў, не толькі ў Менску ў 2021 годзе, але і ў Бабруйску ў 2022 годзе.
РР: Вы пацярпелі ад дзеянняў сілавых структураў?
– Найбольш у 2020 годзе, гэта была нядзеля. Павінен быў быць марш, але я не збіраўся на марш. Я збіраўся на дзень народзінаў да знаёмага. Мяне за дзве гадзіны да маршу затрымалі з падарункамі супрацоўнікі АМАПу. Пасля завезлі мяне да Карпянкова, там ужо было вельмі жорстка, я нават не спадязваўся. Я чуў, што ёсць такі чалавек, але не ведаў, хто гэта такі. Ён заламаў рукі, збіваў мяне, бо ў мяне на швэдары былі словы з песні Віктара Цоя „Далей дзейнічаць будзем мы”. Ён гэта пабачыў і ў яго прачнулася настолькі моцная агрэсія, што я зразумеў, што калі такія людзі далей будуць пры ўладзе, то Беларусі проста не будзе.

РР: Наколькі моцна Вы пацярпелі?
– Ён мяне збіваў на вуліцы за „Палацам спорту”, за міліцэйскімі машынамі. Ён скажам так „адрываўся”. Усе рэчы забралі. Забралі патэльню „Tefal” – гэта быў падарунак, яна была новая ў пакунку. Срэбраны ланцужок з шыі, якую мне падаравалі родныя, а таксама ланцужок з рукі і пярсцёнкі, таксама тэлефон і новы паэўрбанк. У мяне быў парасоль, сказалі, што гэта нібыта дручок. З патэльняй нібыта спрабаваў здзейсніць напад на супрацоўнікаў АМАПу. Ім нельга было даказаць, я казаў праўду, але яны не верылі.
РР: Як ён Вас збіваў?
– Збіваў рукамі, нагамі. Першы ўдар быў, калі я стаў каля машыны міліцыі. Ён у мяне спытаў ці я агент Польшчы. Я сказаў, што не. Ён трымаў маю галаву і быў аб машыну. Пасля трэцяга ўдару я пачаў супраціўляцца. Калі ён пабачыў, што я пачынаю супраціўляцца, то пачаў размахваць рукамі і біць. Міліцыянты мяне трымалі, пасля мяне павалілі на зямлю, білі па нагах, па рэбрах. Я спрабаваўся скруціцца, каб па твары не атрымаць. Ён узяў патэльню і здзейсніў нада мной гвалт – ручкай.
РР: Проста на вуліцы гэта зрабіў?
– Так, пры сваіх. Карпянкоў загадаў, каб мне сцягнулі штаны. Гэтага ніхто не хацеў рабіць. Яму хтосьці сказаў: „Можа не тут”. Ён адказаў: „Калі іх не спыніць, то яны прыйдуць да нас дадому і нас будуць гвалціць. Яны ж усе пі****сы. Ён польскі агент”. У выніку сцягнулі штаны і ён зрабіў. Пасля гэтага я сказаў сабе, што прыйду да яго, забяру патэльню, але не буду рабіць тое, што ён рабіў. Проста гэтай патэльняй дам яму па галаве. Я адчуваў боль, у мяне балела ўсё цела. Пасля мне скруцілі левую руку і парвалі сухажылле цягліцы левага лакцявога сустава. Пасля мяне прывезлі ў Першамайскі РАУС горада Менску, дзе я заўважыў, што ў мяне пачала сінець левая рука. Яна была скручана. Я думаў пройдзе і нават першы час не прасіў дапамогі. Пасля я пачаў адыходзіць, было балюча, пачаў патрабаваць хуткую дапамогу. Яны казалі, што выклікалі. Калі ўжо пачалі прывозіць з маршу людзей, то адна жанчына патэлефанавала ў хуткую дапамогу і тады яны ўжо забегалі. Самае цікавае, што калі быў вопіс, ланцужкі былі ў іх, якія яны апісвалі, як белы метал. Я кажу: „Гэта срэбра. Так і пішыце”. Ён кажа: „Не, гэта белы метал”. З-за таго, што я не згаджаўся з пратаколам, з затрыманнем, з вопісам, то мне і ўчастку даставалася. Там заводзілі ў асобны кабінет і білі дубінкамі ці нагамі па нагах.



З „Госцем Рацыі” Валянцінам Варычам размаўляла карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя