Васіль Ядчанка: Удалося вырвацца з Кіева ў Батумі
Сотні беларусаў спрабуюць уцячы ад вайны, што адбываецца ва Украіне. Сярод іх – беларускія журналісты і блогеры. Частка з іх патрапіла ў грузінскі Батумі.

Сённяшні „Госць Рацыі” беларускі журналіст, блогер і выкладчык Васіль Ядчанка з якім паразмаўляў наш карэспандэнт Сяргей Апановіч.
РР: Вы нядаўна сюды пераехалі з Украіны. Што вы паспелі застаць падчас вайны?
– У Грузіі я апынуўся 8-га сакавіка. Дагэтуль я жыў у Кіеве, мне там вельмі падабаецца. Гэта адзін з самых неверагодных гарадоў. Я быў вымушаны туды пераехаць. Пачаў там працаваць, выкладаў відэаблогінг, працаваў журналістам, відэаблогерам. Усё ішло сваім чынам. У першыя дні перад вайной я глядзеў украінскае тэлебачанне, бачыў, як нервозна ўсё адбываецца. Як раз 23-га лютага недзе а дзве ці ў тры гадзіны ночы я лёг спаць і як аказалася не дачакаўся пачатку вайны. Калі я ўжо прачнуўся, то ўбачыў, што ў мяне вельмі шмат паведамленняў на тэлефоне, пачаў чытаць навіны.
РР: Вы паспелі застаць бамбардаванне Кіева?
– У самы першы дзень – 24-га лютага, я адразу паехаў на Майдан Незалежнасці. Я бачыў, як нечакана пуста было ў грамадскім транспарце і на вуліцах. Ніякіх выбухаў тады не было чутна, толькі ўвечары 24-га і ў наступныя дні вельмі шмат людзей са сваімі рэчамі адпраўляліся на вакзал.
РР: Людзі ехалі за мяжу ці ў Заходнюю Украіну?
– Перш за ўсё ў Заходнюю Украіну, у вёскі да бацькоў. Яны не хацелі пакідаць краіну, усё было больш-менш нармальна першыя некалькі дзён. Было незразумела, што здарылася. З аднаго боку я бачыў навіны, што там выбухі, там страляюць, а калі я выходжу на вуліцу, то ўсё ціха і спакойна.
РР: Не было адчування, што гэта не вайна, а нейкая прапаганда?
– Было такое адчуванне. Я нават не верыў да апошняга, што будзе вайна. Калі ў адзін з дзён я клаўся спаць, то пачуў выбухі. Тады я ўжо зразумеў, што вось вайна прыйшла і да мяне. Але і тады я не збіраўся пакідаць Украіну, я заставаўся. Пачаў рабіць відэаблог пра сітуацыю ў Кіеве. У адзін з дзён я працаваў, пачуў выбух ад якога нават пачаў калыхацца дом. Тады я ўжо зразумеў, што бамбяць побач з маім домам.
РР: Як вам удалося выехаць? Якім чынам?
– Калі я ўжо вырашыў пакідаць Украіну, то мне дапамаглі ў Free Belarus Center. У іх ёсць у Тэлеграме свая суполка, свой чат, дзе на той час яны амаль кожны дзень арганізоўвалі аўтобусы для эвакуацыі людзей. Там былі і беларусы, расейцы, украінцы. Усе разам мы пакідалі спачатку Кіеў, гэта было таксама цяжка, бо вельмі шмат транспарту было на выездзе з гораду. У нас у аўтобусе ўсе месцы былі занятыя. Акрамя людзей чатыры ці пяць сабак, каты, як „Ноеў каўчэг” такі. Мы вельмі доўга ехалі. Мы выехалі ў дзве гадзіны і толькі праз восем гадзін мы выехалі на трасу і ўпершыню зрабілі прыпынак.
РР: Куды вы паехалі?
– Я пачуў, што лепш ехаць у Польшчу. Аўтобус кіраваўся спачатку ў Львоў, а потым да мяжы з Польшчай. Нас падвезлі да мяжы і мы хвілін 20-ць ішлі пешкі. Дайшлі да мяжы і там ужо чакалі чатыры гадзіны, пакуль нас пачалі прапускаць. Беларускія пашпарты памежнікі спачатку забралі, мы чакалі яшчэ гадзіну, а потым вярнулі і мы пайшлі далей.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя