Вернікі Праваслаўнай Царквы святкуюць Вадохрышча
Вернікі Праваслаўнай царквы адзначаюць сёння адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў – Вадохрышча.

Прыгадваецца прыняцце хрышчэння Ісусам у рацэ Іардан. Хрышчэнне з’яўляецца адным з пяці асноўных вех у евангельскім апавяданні пра жыццё Збавіцеля, разам з Праабражэннем, Распяццем, Уваскрэсеннем і Узнясеннем. Падзея, якая шануецца ўсімі хрысціянскімі канфесіямі.
Па словах святара Міхаіла Лабковіча, трэба ўзгадаць, якія зарокі вернікі маюць перад Богам:
– Мы ўсе калісьці былі хрышчоныя, мы адзначылі сваё хрышчэнне. У гэтым хрышчэнні мы давалі нейкія зарокі Богу, а ў прыватнасці не служыць злу. Таму давайце ў гэты дзень прыгадаем гэтыя нашы зарокі, якія мы прыносілі Богу падчас хрышчэння ў дзіцячым ці свядомым узросце. Гэтыя абяцанні былі намі дадзеныя, таму давайце прыгадаем і пастараемся гэты дзень насамрэч правесці ў міры, любові, размове з Богам. Хаця б нейкую малую частку нашага часу прысвецім яму, прыйдзем у храм, памолімся.
Асаблівае месца Вадохрышча займае і ў народным календары. Так беларусы спрабавалі спрагназаваць будучае надвор’е, казалі: „На Вадохрышча вельмі сцюдзёна – у жніво вельмі горача” ці спрабавалі вызначыць будучы ўраджай, калі дзень цёплы на Хрышчэнне, то будзе хлеб цёмны.
Беларускае Радыё Рацыя