Вешацелі, карацелі, мучыцелі — час і вам на суд!

Першы нумар «Нівы» ў 2023 годзе з датай 1 студзеня ўжо на стале перад намі, хаця з’явіўся на свет у апошнія снежаньскія дні. Як жа хочацца пісаць пра вечнае і добрае… Пра прыгажосць і каханне…. Пра беларускую нармальнасць і нацыянальную памяць… Ах Новы год, Новы год — чаму ж Табе дзецям і дарослым ва ўсім свеце міру не прынесці! І толькі святочная ёлка, асветленая электрычным агрэгатам на вуліцах абясточанага Кіева і іншых украінскіх гарадоў, здаецца ўсё ж такі прадвяшчаць перамогу над той паўсюднай злобай і цемрай. Яна менавіта не пазбаўляе Ражджэственскай надзеі не толькі дзяцей. Хрыстос нараджаецца, верым у яго — у такі час з асаблівай надзеяй вымаўляем словы пра чалавечае збаўленне. А сіла і радасць каляднага спеву пра чыстату і веліч дзіцяткі Божага ёсць нам зараз той зарукай, што мусім разам выстаяць і вытрымаць удары міфічных, антыхрысціянскіх і антычалавечных умоўных мячоў, замененых у сённяшніх умовах на ракетныя боегалоўкі, атамныя кнопкі, сцякаючыя крывёю рукі і сумленні служак сістэмы зла. Здаецца, кожны ўжо разумее, што не быць зараз міру без завяршэння бязлітаснай вайны, распальванай крамлёўскай нянавісцю. У маскоўскім спадзяванні сцюдзёны студзень і лютаўскае марознае лютаванне маюць быць дадатковымі прыроднымі легіёнамі смерці, якія маюць даканаць украінскае насельніцтва ў і так страшэнна разбураных гарадах і вёсках. Антычалавечнасць і нянавісць гэта тое, што стаіць за дзеяннямі сённяшняй палітыкі расейскага агрэсара. Палітычную ашалеласць, быццам заразную хваробу, нельга лечыць паўмерамі — перамір’ямі і дамоўленасцямі. Тут патрэбная поўная ізаляванасць агрэсара і не дапусканне да пашырэння ваеннай чумы знішчэнняў і смярцей.
На беларускай зямлі дыктатар Аляксандр Лукашэнка-Мучыцель, услед за сваімі духоўнымі ідаламі і праваднікамі, з усімі тымі яго царска-бальшавіцка-сталінскімі «вешателями и карателями» імкнецца праз тактыку выпаленай і выгнанай беларушчыны аддаць яе тэрыторыю ў імя «ісцінного едзінства і братского міролюбія» спадкаемцам кагебісцкай саветчыны. Канвеер праследу — арышты і турмы — здаецца з году ў год набірае штораз большых тэмпаў, як у сталінскіх трыццатых гадах мінулага стагоддзя. На 5 студзеня 2023 года мае быць абвешчаны пачатак працэсу над Алесем Бяляцкім і яго паплечнікамі з Праваабарончага цэнтра «Вясна». На справядлівасць тут спадзявацца нельга, наадварот чакаецца толькі помста і хлусня. Лаўрэат нобелеўскай прэміі міру 2022 года і ягоныя сябры менавіта ў калядны перыяд атрымаюць «умоўны, навагодні падарунак».
Такога ходу падзей была свядомая і жонка лаўрэата Нобелеўскай прэміі Наталля Пінчук, якая 9 снежня 2022 года, знаходзячыся ў Нарвежскім нобелеўскім інстытуце, зрабіла запіс у гасцявой кнізе лаўрэатаў, пакідаючы вось такія словы, якія напэўна застануцца ў гісторыі: „Ад імя Алеся Бяляцкага, беларускіх праваабаронцаў, беларускага народа выказваю ўдзячнасць за прэмію салідарнасці. Беларусь будзе вольнай, дэмакратычнай і незалежнай, калі запануюць праўда і правы чалавека, а таксама пераможа Украіна! Жыве Беларусь!”
Здаецца аднак, што ўсе гэтыя вешацелі, карацелі, мучыцелі ў сваім шаленстве не хочуць дапусціць думкі, што не толькі ўкраінцы і беларусы, але і ўся міжнародная супольнасць неўзабаве іх саміх паставіць ужо не толькі пад маральны ці Божы суд! І, як падказвае звычайнае пачуццё справядлівасці і спадзяванні саміх беларусаў, злачынцы супраць уласнага народа не трапяць у камеры ў еўрапейскіх турмах, але павінны быць асуджаны незалежнымі судамі ў сваёй краіне і спазнаць тыя вязніцы і камеры, у якія хацелі загнаць і зламаць абаронцаў і гонар нацыі!
Яўген Вапа, „Ніва”№1, 2023.