Віктар Пархімчык: За мной цягам тыдня вялі відэаназіранне і праслухоўвалі размовы



Госць „Радыё Рацыя” – былы палітвязень Віктар Пархімчык. Менш чым два месяцы таму, Віктар выйшаў на волю.

РР: На сайце “Вясны” ёсць прысвечаная вам старонка, дзе можна пабачыць, калі вас затрымалі і за што. Тое, што там напісана, пра раскіданыя самарэзы каля адміністрацыйнага будынку Памежнага каміэту – гэта ўсё так і было?

Віктар Пархімчык: На сайце “Вясны” не ўсё адпавядае рэчаіснасці. Бо на той час, калі размяшчалася інфармацыя, яна грунтавалася на дадзеных, якія былі ў маім судовым выраку. Па-першае, няма там ніякай пракуратуры, па гэтым адрасе знаходзіцца АСАМ – Асобная служба актыўных мерапрыемстваў. Структура, якая створана Лукашэнкам, дзе працавалі яго сыны. Своеасаблівая карная гвардыя, якая адносіцца да Памежнага камітэта, а насамрэч у двары гэтай установы знаходзілася спецтэхніка, з якой вялася стральба па людзях, якія выйшлі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, супраць падману.

РР: Яны прымалі непасрэдны ўдзел у падаўленні пратэстаў і вулічных маніфестацый?

Віктар Пархімчык: Насамрэч, так. Гэтая структура хоць і адносіцца да Памежнага камітэта, але гэта асобная спецслужба з шырокімі паўнамоцтвамі. Напрыклад, за мной яны цягам тыдня вялі відэаназіранне, праслухоўвалі размовы і так далей. Гэта закрытая структура, якая можа нашмат больш, чым іншыя сілавыя структуры. Нягледзячы на тое, што яна называецца Памежным камітэтам, іх функцыі шырэй, а можа нават падаўленне – гэта іхны асноўны канёк.

РР: Гэтымі самарэзамі вы хацелі іх спыніць?

Віктар Пархімчык: Так, я хацеў ускладніць выезд іхнай тэхнікі, якую яны выкарыстоўвалі для збіцця насельніцтва, якое не мела іншай законнай магчымасці выступіць супраць гэтага падмана.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя