Віна рэжыму Лукашэнкі даказана – Савет ICAO павінен апублікаваць даклад



У Манрэалі абмеркавалі даклад ICAO – Савета Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі – датычны пасадкі самалёта Ryanair у Менску ў траўні 2021 года. Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў, што нягледзячы на ўсе спробы Лукашэнкі маніпуляваць фактамі, пераканаць у вымушанасці пасадкі самалёта ці зрабіць падробку дакументаў, віна рэжыму была даказаная:

– Было пытанне, ці трэба гэты даклад публікаваць. І спачатку сакратарыят ICAO планаваў яго не публікаваць, але частка краінаў – Літва, Польшча, Латвія, Іспанія, ЗША і шэраг іншых – выступілі з патрабаваннем, каб даклад апублікавалі. І ў бліжэйшыя дні мы чакаем, што даклад з’явіцца, і там будуць названы імёны ўсіх тых, хто быў далучаны да захопу самалёта Ryanair.

Даклад стане асновай для міжнароднага суда над рэжымам за паветраны тэрарызм – дадаў Франак Вячорка. 23 траўня 2021 года самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню, быў вымушаны сесці ў нацыянальным аэрапорце “Мінск” пасля таго, як пілоты атрымалі ад беларускага дыспетчара паведамленне пра бомбу на борце лайнера. Пасля пасадкі самалёта беларуса, вядомага тады блогера, Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу затрымалі. Пасля гэтага “беларускае неба” было зачынена.