Віцебскаму актывісту Барысу Хамайду не вярнулі пашпарт пасля 15 сутак



Віцебскі актывіст Барыс Хамайда адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.23 КаАП, але выйшаў на волю без пашпарта, піша «Віцебская вясна».

Верхнядзвінскі раённы суд у асобе суддзі Таццяны Куклінай прызнаў наяўнасць у яго пашпарце налепкі з «Пагоняй» незаконным пікетаваннем.

Нагадаем, Хамайду затрымалі 28 ліпеня на станцыі Бігосава. Ён збіраўся далучыцца да пешай пілігрымкі ў Росіцу Верхнядзвінскага раёна. У цягніку памежнікі заўважылі ў Хамайды вокладку пашпарта з „Пагоняй” і перадалі яго супрацоўнікам міліцыі.

З Бігосава Хамайду даставілі ў Верхнядзвінскі РАУС, дзе яго пратрымалі трое сутак да суда. Довады аб тым, што выява “Пагоні” з’яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю і яна ёсць нават на дзяржаўным гербе Віцебскай вобласці, не падзейнічалі. Барыса Хамайду прызналі вінаватым у тым, што выяву «Пагоні» маглі бачыць іншыя людзі.

Пры вызваленні супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі, што пашпарт не аддадуць, бо ён лічыцца наўмысна пашкоджаным. Дакумент абяцалі пераслаць у пашпартны стол па месцы жыхарства, і зараз актывіст мусіць заплаціць адну базавую суму за атрыманне новага пашпарта.

Канфіскаваны пры затрыманні тэлефон вярнулі, не знайшоўшы ў ім «экстрэмісцкіх» падпісак і фотаздымкаў.