Вольга Быкоўская: Прэцэдэнт даволі небяспечны
У Літве ўзнікла скандальная сітуацыя з кіраўнічкай грамадскай арганізацыі «Наш дом» Вольгай Карач, якая даўно жыве ў Вільні. Ёй адмоўлена ў прадастаўленні палітычнага прытулку. Пра гэта з Госцяй Радыё Рацыя – сябрам арганізацыі «Рух за свабоду», журналісткай Вольгай Быкоўскай гутарыць наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

РР: На днях стала вядома, што Літва адмовіла ў прадастаўленні прытулку кіраўніцы праекта “Наш Дом” за нібыта супрацоўніцтва з расейскай выведкай. Літоўскае агенцтва сцвярджае, што ёсць пра гэта дакумент. Як вы пракаментуеце сітуацыю, якая склалася вакол Вольгі Карач?
Вольга Быкоўская: Да гэтага часу мы не бачылі дакументы – ні аб адмове прытулку, якое выдалі Карач, ні афіцыйнай заявы Дэпартамента выведкі. Таму тое, што ёсць, гэта пакуль што крыніцы Delfi і літоўскіх СМІ. Хацелася б пабачыць гэтыя дакументы, тады стане трохі зразумела, бо версіі літоўскага боку і версіі Вольгі Карач адрозніваюцца.
Яна кажа, што прычынай адмовы сталі паездкі на канферэнцыі, якія былі арганізаваныя Расеяй, у тым ліку і Еўракамісіяй, і праводзіліся ў Расеі, і інтэрв’ю з Уладзімірам Жырыноўскім. Але тое, што распавядае літоўскі бок, – значна больш сур’ёзнае абвінавачванне, не тое, што кажа Вольга, а тое, што яна супрацоўнічала з выведкай, перадавала дакументы, і гэта сур’ёзна. І перадала дакументы пра ўладу Беларусі, пра беларускую апазіцыю і шукала дапамогі ў працы палітычнай у Беларусі.
Таксама Вольга праводзіла прэс-канферэнцыю, яна дадаткова абвергла там усе абвінавачванні. Расказала, што будзе абскарджваць гэтую адмову. Наколькі я разумею, ВНЖ у яе ніхто не забірае, яна застаецца ў Літве.
Як я магу гэта ацаніць? Я спачатку хацела б зразумець, наколькі гэтыя ўсе абвінавачванні сур’ёзныя. Прэцэдэнт даволі небяспечны, таму што Вольга Карач знаходзіцца ў Беларусі ў спісах “тэрарыстаў, экстрэмістаў” і г.д. І відавочна, што вяртацца ў Беларусь ёй небяспечна.
РР: У Расею можна.
Вольга Быкоўская: Не думаю, што Расея зараз з’яўляецца бяспечнай краінай шмат для каго. Не ведаю ўжо, як яны там прымаюць.
РР: Калі абвінавачванне праўдзівае, то яе там добра сустрэнуць.
Вольга Быкоўская: Нават не ведаю, бо Расея такая дзіўна краіна, што нават калі абвінавачванні праўдзівыя, то сустрэць могуць не вельмі добра. Але тым не менш праўдзівае яно ці не мы пакуль што не ведаем, таму што не бачылі дакументаў і не было афіцыйнай заявы. І адпаведна ўзнікае пытанне “а што будзе з ёй, калі ўсё ж такі ёй гэты прытулак не даюць і легалізацыя ў яе сканчаецца?”.
РР: А што будзе, калі абвінавачванне гэта будзе сур’ёзным і аб’ектыўным. Куды тады дзяваць Карач?
Вольга Быкоўская: Добрае пытанне. Я падазраю, што гэта, напэўна, можа быць варыянт – трэція краіны. Але гэта такіх прэцэдэнтаў увогуле ніводнага разу не было. І акрамя таго, нават, калі абвінавачванне прадставіць дакументы і дакументы нам пададуцца справядлівымі і цалкам, якія адпавядаюць рэчаіснасці, то яна звернецца відавочна ў суд. І суд ужо будзе вырашаць наколькі гэтыя дакументы адпавядаюць. А суд, як вядома, можа цягнуцца вельмі доўга. Таму, калі гэта рашэнне будзе сапраўды прынятае, пра лёс Вольгі вельмі складана даведацца. Гэта юрысты, якія тут працуюць, лепей ведаюць, але, наколькі я разумею, гэта можа быць некалькі год, як мінімум.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя