Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Яўгену Меркісу
Вярхоўны суд пакінуў у сіле прыгавор журналісту Яўгену Меркісу, вынесены ў канцы мая Гомельскім абласным судом. Пра гэта паведаміла „Гомельская вясна”.

Меркіс абвінавачваўся ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні.
Па словах праваабаронцаў і сяброў журналіста, абвінавачанні звязаныя з перасыланнем так званым „экстрэмісцкім рэсурсам” фатаграфій расейскай вайсковай тэхнікі.
Яму было прызначанае пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яўген Меркіс быў затрыманы ў верасні 2022 года.