Вяскоўцы ўзбунтаваліся з-за мясцовага вадаёма
Жыхары вёскі Хадзявічы Слонімскага раёна ў аўторак, 30 жніўня, выказалі незадавальненне Андрэем Мачучкам, які арэндуе іх сажалку і не дае вяскоўцам лавіць рыбу. Каля 40 вяскоўцаў, у асноўным мужчыны ва ўзросце 25-80 гадоў, сабраліся каля вясковага магазіна, каб вырашыць пытанне з вадаёмам, які знаходзіцца ў канцы адной з вясковых вуліц.

Сажалка спакон веку была агульнай для ўсіх жыхароў вёскі. Там людзі адпачывалі, купаліся, лавілі рыбу. Але ў апошнія гады сажалку ўзяў у арэнду слонімец Андрэй Мачучка і на гэтым рыбалка для вяскоўцаў спынілася. “Нават адпачыць цяпер няма дзе, бо адзінай радасцю была сажалка, дзе мы лавілі рыбу, адпачывалі, – кажуць вяскоўцы. – Але мы ведаем, што з 29 ліпеня існуе забарона на дазвол на арэну такіх угоддзяў, якія поўнасцю ці часткова знаходзяцца на тэрыторыі населеных пунктаў. Наша сажалка знаходзіцца ў вёсцы”. Да слоў вяскоўцаў трэба дадаць і тое, што арэндатар павінен стварыць усе ўмовы аматарскага рыбалоўства для вяскоўцаў і яны павінны быць бясплатнымі. Але гэтага Андрэй Мачучка не стварыў, а, наогул, пачаў канфліктаваць з вяскоўцамі, парушаючы закон № 284 от 21 ліпеня 2021 года.

На такім вясковым сходзе абавязкова павінны прысутнічаць прадстаўнікі ўлады, але іх чамусьці не было. Не прысутнічаў ні кіраўнік сельскага Савета, ні прадстаўнік са Слонімскага райвыканкама. Андрэй Мачучка некалькі разоў перад вяскоўцамі нагадаў, каб яны пісалі пісьмо ў райвыканкам, скуль яны атрымаюць адказ не на іх карысць. Але вяскоўцы ўзбунтаваліся не на жарт, і іх незадавальненне працягваецца.
Беларускае Радыё Рацыя



