„Вясна” падрыхтавала агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў лютым



Грамадска-палітычная і эканамічная абстаноўка ў Беларусі з’яўляецца вынікам глыбокага крызісу правоў чалавека. Цягам месяца ўлады працягвалі пераслед грамадзян паводле палітычных матываў.

Праваабарончы цэнтр „Вясна” апублікаваў агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў лютым:

-Вядома пра не менш як 258 затрыманняў і пра 195 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу: прызначана не менш як 31 адміністрацыйны арышт і 11 штрафаў;

-Па-ранейшаму вялікая колькасць прысудаў выносяцца паводле дыфамацыйных артыкулаў — за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады — абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежавання волі, а таксама да буйных штрафаў;

-На канец лютага ў Беларусі ліквідавана ці знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі больш за 1200 НДА

-На канец лютага ў „Пераліку асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, налічвалася 2 487 чалавек, за месяц у спіс дадалі 117 чалавек;

-У лютым праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі 69 чалавек. Усяго на 28 лютага 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 463 палітвязні. Наогул „Вясне” вядома пра не менш як 2 900 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных спраў.