„Вясна/Правы чалавека ў Беларусі” прызналі „экстрэмісцкім фармаваннем”
Інфармацыйныя рэсурсы „Вясна/Правы чалавека ў Беларусі” прызналі „экстрэмісцкім фармаваннем”. Гэта стала вядома 23 жніўня з праўладных тэлеграм-каналаў. Такое рашэнне прыняло Міністэрства ўнутраных справаў.
-

Фота: ПЦ „Вясна”
З гэтай нагоды паразмаўлялі з юрыстам Праваабарончага цэнтра “Вясна” Паўлам Сапелкам:
-Мы яшчэ не бачылі максімальна поўнай інфармацыі, якую звычайна друкуюць на сайце МУС, але ўжо зараз зразумела, што наступ уладаў ідзе на ўсе інфармацыйныя рэсурсы ПЦ “Вясна”. І гэта нам цалкам зразумела. Таму што гэтыя інфармацыйныя рэсурсы – гэта свабодная інфармацыя, поўная і аб’ектыўная пра стан з правамі чалавека ў Беларусі. Пра тое, як беларусы і беларускі падвяргаюцца палітычна матываванаму пераследу. І на мой погляд, менавіта апошняе – гэта тое, што падштурхнула ўлады пачаць крыжовы паход супраць інфармацыйных рэсурсаў “Вясны”.
РР: Чаму так назвалі – на падставе “арганізацыі дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб”. Чаму ўлады так робяць?
Павел Сапелка: Адзіная прычына, якую мы бачым, гэта спроба адрэзаць інфармацыйныя рэсурсы ад тых, каму прызначана гэтая інфармацыя, з аднаго боку. З іншага боку, адрэзаць нас ад крыніц інфармацыі. ПЦ “Вясна”, гэта не сакрэт, атрымлівае вельмі шмат звестак пра тое, што адбываецца ў Беларусі, гэтыя звесткі рэалізуюцца ў інфармацыю, якая распаўсюджваецца нашымі інфармацыйнымі структурамі, і безумоўна ў гэтым асноўная небяспека для цяперашняй недэмакратычнай улады ў Беларусі.
РР: Яшчэ адна цытата: „Асобы, якія ўдзельнічаюць або ажыццяўляюць любую перадачу звестак прадстаўнікам „Вясна/Правы чалавека ў Беларусі”, прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання і будуць прыцягнутыя да адказнасці па арт. 361-1 і 361-4 КК Беларусі”, — так гаворыцца на праўладных каналах. І цяпер гэтыя каналы як бы прыкрытыя? Ці будзе “Вясна “ надалей працаваць як пацавала?
Павел Сапелка: Мы працягнем сваю праваабарончую дзейнасць. І мы ўпэўненыя, што той паток інфармацыі, які мы атрымліваем, ён не стане меншым. Безумоўна, з тымі інфармацыйнымі структурамі, якія прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі, гэта вельмі небяспечна. Але так ужо адбылося з многімі інфармацыйнымі рэсурсамі і многія людзі былі арыштаваныя за супрацу з імі. Тым не менш, інфармацыйны паток з Беларусі не становіцца меншым. І гэтыя рэсурсы зараз з’яўляюцца адзінымі аб’ектыўнымі крыніцамі інфармацыі. Інфармацыйныя рэсурсы “Вясны” працягнуць сваю працу.
Павел Сапелка нагадвае, што няма крымінальнай адказнасці за падпіску на інфармацыйныя рэсурсы „Вясна/Правы чалавека ў Беларусі”. Але варта быць пільным і асцярожным, і не цытаваць інфармацыю з гэтых рэсурсаў.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
* * *
Інфармацыйныя рэсурсы „Вясна/Правы чалавека ў Беларусі” прызналі „экстрэмісцкім фармаваннем”. Гэта стала вядома 23 жніўня з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле папярэдняй інфармацыі такое рашэнне прыняла Міністэрства ўнутраных справаў. У адпаведны спіс „Вясна” яшчэ не ўнесена.

Паведамляецца, што „экстрэмісцкім фармаваннем прызнаецца група грамадзян, аб’яднаных пад назвай „Вясна/Правы чалавека ў Беларусі” з усімі філіяламі (усяго больш за 30 рэсурсаў)”. Адзначаецца, што такое рашэнне прынятае на падставе „арганізацыі дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб”.
„Асобы, якія ўдзельнічаюць або ажыццяўляюць любую перадачу звестак прадстаўнікам „Вясна/Правы чалавека ў Беларусі”, прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання і будуць прыцягнутыя да адказнасці па арт. 361-1 і 361-4 КК Беларусі”, — гаворыцца на праўладных каналах.
Нагадаем, на гэты момант пяць вясноўцаў застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.
spring96.org