Выбухам на пустцы ў мікрараёне Ангарская траўмаваны 19-гадовы жыхар Менска
У Менску выбухам на пустцы траўмаваны малады чалавек.

Як паведаміў Следчы камітэт, увечары 9 чэрвеня следча-аператыўная група выязджала на месца надзвычайнага здарэння пасля паведамлення пра атрыманне траўмаў 19-гадовым маладым чалавекам у выніку выбуху неўстаноўленага прадмета на пустцы ў Заводскім раёне.
З прыцягненнем экспертаў-выбухатэхнікаў цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз праведзены агляд месца здарэння. Апытаныя відавочцы, прызначаныя экспертныя даследаванні.
Менчук з пашкоджаннямі канечнасцей шпіталізаваны.
„Следчыя ў цесным узаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі працягваюць устанаўліваць усе абставіны здарэння. Праца на месцы здарэння завяршылася раніцай”, — гаворыцца ў паведамленні.
Мяркуючы па фатаграфіях у сацсетках, выбух здарыўся на пустцы паміж вуліцамі Ангарская і Варвашэні (былая Енісейская). На гэтым месцы раней была турма.