Як беларуска жыве пад Філадэльфіяй

Аўтар: Meihe Chen. CC BY-SA 4.0
У культурніцкае ды палітычнае жыццё беларускай дыяспары ангажаваная беларуска Алена Мяланіч у ЗША. У эміграцыі яна знаходзіцца з пачатку 2000-ых гадоў, але да прадстаўнікоў беларускай дыяспары далучылася некалькі гадоў таму, — адзначыла рэспандэнтка:
— У Амерыцы я жыву недалёка ад Філадэльфіі, недзе 40 хвілінаў ад цэнтру. У больш вясковых мясцінах. Няма вялікага горада, акрамя Філадэльфіі. Тут я з 2002 году, больш за 20 гадоў. Раней жыла ў самой Філадэльфіі, цяпер далей. Мяне заўжды цікавіла тэма Беларусі, нават калі я жыла на радзіме. У той час у маім асяроддзі мала хто цікавіўся ёй. Гэта быў канец 90-х, людзей больш цікавілі бытавыя пытанні. Усе родзічы, сябры амаль не цікавіліся тэмай беларускай мовы, культуры. Мне асабіста гэта было цікава, але не было такога кола вакол мяне, з кім гэта абмеркаваць, займацца разам. Калі я пераехала ў Амерыку, тут таксама былі збольшага бытавыя пытанні, як тут абжыцца, знайсці працу або вучыцца. Не было да гэтай тэмы ані часу, ані жадання, былі іншыя прыярытэты.
Беларуска Алена Мяланіч дадала, што пры магчымасці яна прымае ўдзел як у арыентаваных на беларускую тэму імпрэзах, так і на тэму Украіны. Усё залежыць ад абставінаў і актуальнасці тэмы.
Беларускае Радыё Рацыя