Як жывецца ўкраінцам на лініі фронту?



Госць Рацыі – Дзмітрый, жыхар Херсона, які нядаўна вярнуўся з гэтага горада. Зараз ён жыве ў Адэсе. Але ён распавядае нашаму карэспандэнту Уладу Грынеўскаму пра Херсон і жыццё тутэйшых.

РР: Як зараз выглядае сітуацыя ў горадзе? Тут мы нагадваем нашым слухачам і чытачам, што некаторы час ён знаходзіўся пад акупацыяй. Потым расейскія войскі адышлі, і расейцы распавядалі, што гэта такі акт добрай волі нібыта. Але мы ўсе разумеем, што не абышлося гэта без украінскага войска, якое, скажам так, дапамагло расейцам пакінуць Херсон. Ці была Пасха ў Херсоне і як яна выглядала?

Дзмітрый: Пасха ў Херсоне была і адзінае, што ўначы не можна было хадзіць у царкву на службу. Людзі свяцілі пасхі ўвечары ў суботу або з раніцы ў нядзелю. І я са сваімі бацькамі тое зрабіў, мы на службе былі і тады свяцілі пасхі. І так было ва ўсіх храмах. Так вось свяцілі пасхі падчас вайны ў Херсоне, як і ва ўсёй Украіне.

В Херсоне быць небяспечна, таму што расейцы пастаянна абстрэльваюць горад з левага берага. Там дзесьці  кіламетр паміж левым берагам і горадам, праз Днепр. Яны абстрэльваюць з мінамётаў, з РЗО, градаў і г.д. Гэта адрозніваецца ад таго, як яны абстрэльваюць Запарожжа, горад Днепр, калі зносяць цэлыя будынкі. У нас яны цэлыя будынкі не зносяць, але шмат людзей гіне, таму што яны страляюць хоць куды. І калі ты знаходзішся на адкрытай прасторы, то можна загінуць ад аскепкаў мін ці ракет.

РР: Гэтыя абстрэлы адбываюцца штодня зараз у Херсоне?

Дзмітрый: Штодня, калі больш, калі менш. Сёння зранку абстралялі цэнтральны рынак і некалькі людзей загінула. Калісьці яны абстрэльвалі таксама цэнтральны рынак, і там загінула больш за 20 людзей. Такая вось сітуацыя. І разам з тым, калі ты не заняты якімі справамі, ты не паліцыянт, не вайсковец, не чыноўнік, не прадавец у краме альбо хтось такі, то няма сэнсу нават знаходзіцца, таму што ты пад пастаяннай рызыкай.  І фактычна пастаянна трэба быць у нейкім памяшканні, або ў кватэры і г.д.

Але транспарт ходзіць, нават на днях запусцілі тры маршруты тралейбусаў, што вельмі прыемна было, запрацавалі святлафоры. І нават паволі людзі вяртаюцца, не актыўна, але вяртаюцца.

РР: З Польшчы ўкраінцы вяртаюцца да сваіх дамоў, а вось у Херсоне, як гэта, ці ўсё ж такі людзі думаюць, што яшчэ не час вяртацца? Вось якія настроі ў гэтым накірунку, як бы ты ахарактарызаваў?

Дзмітрый: Сярод маіх знаёмых ёсць людзі, якія вяртаюцца. Пакуль гэта не масавая з’ява, але такія ёсць. Калі пасля дэакупацыі і расейцы абстрэльвалі, шмат людзей выехала, якія ўсю акупацыю перажылі, то зараз гэта спынілася. А наадварот пачалі вяртацца.

Хто цягніком ці маршруткамі з Адэсы, хто на сваіх аўтамабілях вяртаецца, і прычыны розныя. Але проста людзі хочуць дадому. І ім лепш нават быць дома пад рызыкай абстрэлаў, чым дзесьці на чужыне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя