Як знайсці праўдзівую інфармацыю

26 лістапада пазначаны ў календары як Сусветны дзень інфармацыі. Гэтае свята было ўстаноўлена па ініцыятыве Міжнароднай Акадэміі Інфарматызацыі. Дата была абраная невыпадкова. Менавіта 30 гадоў таму, 26 лістапада 1992 года, пад эгідай згаданай акадэміі быў арганізаваны першы міжнародны форум па інфармацыйных тэхналогіях і міжнароднай супрацы ў галіне інфарматызацыі. А ўжо праз два гады ЮНЕСКА зацвердзіла дзень афіцыйна. Раней казалі, хто валодае інфармацыяй, той валодае светам. Гэтую даўнюю прымаўку даўно варта перафразаваць на іншую. Светам зараз валодае той, хто ўкараніць найбольш фальшывай інфармацыі. Нездарма абрэвіятура СМІ (сродкі масавай інфармацыі) усё часцей расшыфроўваецца як «сродкі масавай ідыятызацыі». Якіх «вяршынь», а дакладней глыбінь бяздоннага дна, можа дасягаць дзяржаўная інфармацыйная прапаганда, выразна відаць на прыкладзе цяперашніх Расеі і Беларусі. Але і на Захадзе з медый, розных інфармацыйных рэсурсаў, сацыяльных сетак выплывае столькі хлусні, што чалавек часта апынаецца ў лепшым разе ў разгубленасці, а ў горшым – у палоне ілюзорнасці і чужога навязанага светагляду.
У 21-м стагоддзі імклівага развіццч інфармацыйных тэхналогій значна вырасла агульная інтэнсіўнасць інфармацыйнай плыні. Гэтая бурлівая плынь лёгка падхоплівае чалавека, нясе па хвалях і дэзарыентуе яго ў прасторы і ацэнах. А сапраўднай і праўдзівай інфармацыі ў цяперашнім свеце становіцца ўсё менш і менш, адбываецца дэвальвацыя вартасці навінаў. І тым больш каштоўнейшай становіцца менавіта праўда. Але аддзяліць зерне ад пустазелля – праўду ад хлусні – становіцца ўсё цяжэй. Асабліва цяжка з іншамоўнай інфармацыяй.
Днямі сама багаты чалавек планеты Ілон Маск, які нядаўна купіў сацсетку Twitter, аднавіў акаўнт Дональда Трампа. Напомню, што ён быў заблакаваны ранейшымі уладальнікамі папулярнай сацсеткі яшчэ ў студзені 2021 года. Зараз Маск нібыта правёў апытанне, у якім удзельнічалі ажно 15 мільёнаў чалавек. За разблакаванне прагаласавала 51,8% удзельнікаў. Па-праўдзе, мультымільярдэр мог бы аднавіць гэты акаўнт і без апытання. Але ўзнікае іншае пытанне – калі ўсе сацсеткі заблакавалі тады дзейснага прэзідэнта самай магутнай дзяржавы свету, то хто кіруе гэтым светам? І што гэтыя ўладальнікі сусветнай павуціны могуць зрабіць са звычайным простым чалавекам? Што датычыць таго ж Трампа, то сам амбітны палітык пакуль заявіў, што не бачыць ніякіх падставаў вяртацца ў папулярную сацсетку. Лідар рэспубліканцаў стварыў уласную Truth Social, якая даступная пакуль толькі ў ЗША і Канадзе. Але нават гэты сусветна вядомы палітык і вельмі багаты чалавек ледзь здолеў запусціць новую праграму – пры першых спробах яе папросту нішчылі тэхналагічна.
Лічбавы свет нясе чалавецтву не толькі акіян дэзінфармацыі, але і наўпроставыя фальсіфікацыі. Пры ўкараненні таго ж электроннага галасавання можна паставіць крыж на дэмакратычных выбарах і забыцца на справядлівы падлік бюлетэняў. Апошнія прэзідэнцкія выбары ў ЗША і Бразіліі выразна паказалі, як можна маніпуляваць вынікамі. Пры сучасных тэхналогіях нават школьнікі старэйшых класаў перыядычна ўзломваюць сайты і электронныя сістэмы розных дзяржаўных установаў. А на што здольныя прафесіяналы-хакеры нават цяжка ўявіць. Таму калі ў якой краіне ўводзіцца электроннае галасаванне – пра справядлівасць і празрыстасць выбараў можна забывацца. Толькі вяртанне да папяровых бюлетэняў і ручнога падліку галасоў можа забяспечыць сапраўдныя вынікі выбараў. Скажаце, што вось у Беларусі такі падлік – і што? Але ж і махлярствы членаў камісій у гэтай сітуацыі бачаць усе, хто хоча кантраляваць справядлівасць лічэння і вынікаў.
Дык дзе і як шукаць праўдзівую інфармацыю? Універсальных рэцэптаў тут няма. Варта пераправяраць інфармацыю з розных крыніцаў, вучыць замежныя мовы, каб чытаць арыгінальныя тэксты, супастаўляць словы з падзеямі і фактамі, ацэньваць людзей па справах, а не па тым, што яны кажуць, часам карысна чытаць і слухаць ідэалагічных супраціўнікаў. А галоўнае – ставіць пад сумнеў тыя рэчы, якія бальшыні падаюцца бясспрэчнымі.
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”