Ян Абадоўскі: Беларусам важна паказаць салідарнасць з народам Украіны!

Перад акцыяй „Разам супраць расейскай агрэсіі”, якая адбудзецца ў Беластоку 24 лютага, у эфіры нашага радыё пабываў адзін з яе арганізатараў, актывіст беларускай дыяспары Ян Абадоўскі. З ім паразмаўляў Стась Дадэрка.
Чым адметная гэтая акцыя, як адбывалася ўзаемадзеянне на гэты раз з уладамі гораду?
Беларускай дыяспары Беластоку ўдалося дамовіцца з уладамі Беластоку, якія падтрымалі нашу акцыю і фактычна з’яўляюцца адным з яе арганізатараў. Гарадскія ўлады звярнуліся і да жыхароў, каб палякі, беларусы – жыхары Беластоку, падтрымалі заўтрашнюю акцыю, якая будзе прысвечана гадавіне расейскай агрэсіі ва Украіне.
Важна хіба, што менавіта беларусы сталі арганізатарамі гэтай акцыі.
Так, беларуская дыяспара Беластоку стала фактычна першым арганізатарам гэтай акцыі, пасля звярнуліся да гарадскіх уладаў і яны пайшлі нам насустрач, падтрымалі гэтую акцыю.
На якую колькасць людзей вы разлічваеце, у якой прапорцыі? Ці не будзе там беларусаў найбольш?
Цяжка гэта прадказаць, але мы звяртаемся да ўсіх беларусаў, якія жывуць зараз у Беластоку, каб яны прыйшлі і падтрымалі нашу акцыю, нам вельмі важна паказаць, што беларусы зараз выступаюць разам супраць расейскай агрэсіі. Наша краіна акупаваная сёння Расеяй, рэжым Лукашэнкі зрабіў усё, каб год таму з тэрыторыі Беларусі паехалі танкі на тэрыторыю Украіны. І таму вельмі важна паказаць, што беларусы, якія не могуць адкрыта выступаць у Беларусі, выходзіць на дэманстрацыі, таму што іх адразу садзяць у турмы, каб яны выйшлі тут за мяжой і паказалі нашу салідарнасць з народам Украіны. Трэба таксама памятаць пра людзей, якія сядзяць у турмах у Беларусі. Напрыклад рэйкавыя партызаны, якія рызыкавалі сваім жыццём, якія зняволеныя на вялікія тэрміны ў Беларусі, а таксама пра ўсіх Беларусаў, якія загінулі на тэрыторыі Украіны, гэта больш за 17 чалавек, якія загінулі абараняючы тэрыторыю Украіны. Таму нам вельмі важна, каб беларусы заўтра з бел-чырвона-белымі сцягамі паказалі сваю салідарнасць...
Пасля акцыі адбудзецца шэсце да драматычнага тэатра, на акцыі будзе раздадзена каля тысячы знічаў, якія ўдзельнікі акцыі возьмуць з сабой, пройдуць шэсцем да драматычнага тэатра і запаляць там знічы за ўсіх загінуўшых ва Украіне.
Пачатак акцыі 24 лютага ў 18.00 на Рынку Касцюшкі ў Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя