Ян Роман: Пераслед палякаў у Беларусі ўзмацніўся
Польская нацыянальная меншасць у Беларусі знаходзіцца пад татальным пераследам. Акрамя таго, што за кратамі больш за паўтара года знаходзяцца лідары Саюза палякаў, то цяпер праз ператрусы і допыты праходзяць іншыя актывісты і сябры арганізацыі.

З „Госцем Рацыі” журналістам-фрылансерам Янам Романам паразмаўляла Яна Запольская.
РР: Пайшла чарговая хваля пераследу актывістаў, сябраў Саюза палякаў.
– Калі казаць пра пераслед польскай меншасці, то варта прыгадаць сабе, што пачынаючы з 2005 года арганізацыя дзейнічае па-за прававым полем Беларусі. Яна не прызнаецца ўладамі Беларусі і не мае афіцыйнай рэгістрацыі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці на працягу столькіх гадоў, арганізацыя дзейнічала і выконвала свае функцыі апошнім часам. Гэта ўсё абвастрылася, пераслед людзей, якія яшчэ там засталіся. У сакавіку 2021 года былі арыштаваныя Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Увесь гэты час праследуюць тых, хто застаўся там і актыўна дзейнічае. Пэўная колькасць людзей выехала ў сувязі з пераследам, але прадстаўнікі польскай меншасці, якія там засталіся, увесь час дзейнічалі, арганізоўвалі навучанне польскай мовы, даглядалі могілкі, спрабавалі ў меру магчымасці развіваць польскую культуру, захоўваць польскія традыцыі. Тое, што здарылася некалькі тыдняў таму ўжо сведчыць пра чарговае абвастрэнне сітуацыі, пераслед прадстаўнікоў польскай меншасці і перадусім кіраўніцтва, як арганізацыі, так і такіх арганізацый на месцы.
РР: Правялі ператрусы, а таксама канфіскавалі тэхніку і літаратуру ў памяшканні СПБ.
– З таго, што ведаю, канфіскавана ўсё. Канфіскавана не толькі тэхніка, якой карысталіся, таксама канфіскавана вялікая польская бібліятэка ў польскай школе, якая дзейнічала пры Саюзе палякаў. Наколькі вядома канфіскацыя цягнулася больш за дзесяць гадзін, вывозілі гэтыя кнігі. На сённяшні дзень дзейнасць школы знаходзіцца пад вялікім. Гэта больш за тысячу дзяцей, якія вучылі польскую мову. На сённяшні дзень яны па вялікім рахунку пазбаўленыя нармальных умоў, тых умоў, якія гарантуе ў тым ліку і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – умоў навучанне роднай мовы.
РР: Ператрусы праходзілі не толькі па вуліцы Будзёнага, дзе было памяшканне саюза, але і ў некалькіх лідараў СПБ. Што вядома? Людзі не затрыманыя на гэты момант?
– На дадзены момант усе знаходзяцца на свабодзе, некаторыя людзі маюць напэўна падпіску пра неразгалошванне, бо на сайце пракуратуры была інфармацыя, што была ўзбуджана крымінальная справа супраць лідараў арганізацый, якія засталіся, за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – гэта да двух гадоў пазбаўлення волі. Тое, што ў людзей канфіскаваная тэхніка, якая была дома, канфіскаваныя тэлефоны, наколькі я разумею, цяпер органы следства даследуюць гэтую тэхніку. Колькі будзе гэтых спраў на сённяшні дзень невядома, асабліва калі ўлічыць тое, што па маёй інфармацыі ў рэгіёнах таксама праходзяць ператрусы, затрыманні людзей, актывістаў Саюза палякаў на Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя