Яніна Пушкіна: Муж пра сябе практычна нічога не піша
Жонка палітвязня Алеся Пушкіна распавяла пра апошні ліст ад мужа.

Нагадаем, што 30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.
Мастак – фігурант крымінальнай справы, якую пачала пракуратура па ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці). Паводле пракуратуры, “за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”.
Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, які быў выстаўлены ў прыватным “Цэнтры гарадскога жыцця” ў Гародні.
Зараз мастак знаходзіцца ў ізалятары ў Жодзіне.
Яніна Пушкіна: Апошні ліст ад Алеся прыйшоў 9 чэрвеня. Праўда, пра сябе практычна нічога не піша, а больш рэагуе на тыя навіны, пра якія я яму пісала. Паведамляла яму пра экзамены, пра хатнія справы, пра тое, што ў нас зламалася мотакаса і гэдак далей.
РР: Ці даходзяць Алесю перадачы?
Яніна Пушкіна: Даходзяць, але не ўсе рэчы дазволены. Забаранілі, напрыклад, перадаваць гелевыя ручкі, нешта іншае. Хаця сам Алесь нічога не просіць. Яго родная сястра перадала яму сала, пасля чаго муж напісаў: “Сала не вазіце, не хачу тут злодзеяў карміць”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя